КЛАС ((Claesz) Пітэр) (1597 або 1598, г. Штайнфурт, Германія — 1.10.1661),

галандскі жывапісец. Працаваў у г. Харлем (Галандыя). Прадстаўнік харлемскай школы «манахромнага» нацюрморта. Адзін з першых у нацюрмортным жывапісе вызначыў ролю святла, паветр. асяроддзя і адзінага тону як сродку выразу адзінства прадметнага свету і навакольнага асяроддзя. У тэматыцы пераважалі «сняданкі», «банкеты», тэмы «ванітас». Творам уласцівы сціпласць выяў прадметаў, вытанчаная прастата кампазіцый, дамінаванне відаў зверху, шэра-карычневая колеравая гама: «Нацюрморт», «Ванітас» (абодва 1624), «Нацюрморт са свечкай» (1627), «Сняданак» (1642), «Сняданак з вэнджанінай» (1647) і інш.

П.Клас. Сняданак з вэнджанінай. 1647.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЭ́ ((Manet) Эдуар) (23.1.1832, Парыж — 30.4.1883),

французскі жывапісец; адзін з рэфарматараў франц. жывапісу папярэднікаў станаўлення імпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1850—56) у Т.​Куцюра. Капіруючы творы майстроў італьян. Адраджэння, Джарджоне, Тыцыяна, Д.​Веласкеса, Ф.​Халса, Ф.​Гоі, Э.​Дэлакруа і інш., зазнаў іх уплыў. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. стварыў галерэю тыпаў і характараў, спалучаў жыццёвасць і рамантызацыю вобраза: «Аматар абсенту» (1859), «Лола з Валенсіі» (1862) і інш. Жывапісная манера вызначалася глухімі шчыльнымі тонамі, непасрэдным пераходам ад ценю да святла. Выкарыстоўваў і пераасэнсоўваў сюжэты і матывы жывапісу старых майстроў, імкнуўся надаць ім сучаснае гучанне і вырашыць новыя жывапісныя задачы: «Сняданак на траве», «Алімпія» (абодва 1863). Пазней звяртаўся да тагачасных тэм («Пакаранне смерцю імператара Максіміляна». 1867; «Расстрэл камунараў», 1871), паэтызаваў штодзённыя быт. сітуацыі («Сняданак у майстэрні», «Балкон», абодва 1868). У канцы 1860-х г. быў блізкі да імпрэсіяністаў; перайшоў да пленэрнага жывапісу, які вызначаўся святлонасычанай вібрыруючай колеравай гамай, багатай рэфлексамі і валёрамі, фрагментарнасцю кампазіцый, але захаваў неўласцівую для імпрэсіяністаў дакладнасць малюнка, шэрыя і чорныя тоны: «Чыгунка» (1873), «У лодцы». «Аржанцёй» (абодва 1874). Познія творы адметныя амаль поўнай адсутнасцю сюжэта, імправізацыяй у адлюстраванні вобразаў і атмасферы, псіхал. даследаваннем унутр. стану сучасніка: «Нана» (1877), «Афіцыянтка ў піўной» (1878), «У карчме бацькі Лацюіля» (1879), «Бар у «Фалі-Бержэр» (1881—82) і інш. Майстар партрэта: Э.​Заля (1868), С.​Малармэ (1876), «Аўтапартрэт з палітрай» (1879) і інш. Рабіў малюнкі, літаграфіі, афорты.

Літ.:

Э.​Мане: Жизнь. Письма. Воспоминания. Критика современников: Пер. с фр. М., 1965;

Перрюшо А. Э.​Мане: Пер. с фр. М., 1976;

Чегодаев А.Д. Э.​Манэ. М., 1985.

Э.Манэ. Бар у «Фалі-Бержэр». 1881—82.

т. 10, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛФ ((Kalf) Вілем) (хрышчаны 3.11.1619, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 31.7.1693),

галандскі жывапісец. Прадстаўнік амстэрдамскай школы нацюрморта. Як каларыст зазнаў уплыў Рэмбранта. У 1642—46 у Парыжы, дзе стварыў большасць сваіх работ, у якіх адлюстроўваў вясковыя сцэны з выявамі посуду і рэчаў хатняга ўжытку («Інтэр’ер хаціны», «Двор сялянскай хаты» і інш.). З 1643 пісаў нацюрморты з залатымі і сярэбранымі рэчамі, даспехамі, рэдкаснымі прадметамі (ракавіны, каралы; «Дэсерт», каля 1659, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнасцю распрацоўкі фактуры матэрыялаў, спалучэннем вытанчаных тонаў і моцнымі святлоценявымі кантрастамі («Сняданак» і інш.). З 1646 у Галандыі (з 1653 у Амстэрдаме). Разам з інш. мастакамі паклаў пачатак новаму кірунку ў галандскім жывапісе, які стаў проціпастаўленнем суроваму манахромнаму стылю ў нацюрморце і прадвеснікам пышнасці мастацтва барока.

З.Калф. Дэсерт. Каля 1659.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЭ́ ((Monet) Клод) (14.2.1840, Парыж — 6.12.1926),

французскі мастак; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў Э.Будэна ў Гаўры (1858—59), у акадэміі Сюіса (1859—60) і ў майстэрні Ш.​Глейра (1862—63) у Парыжы. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Развіваў традыцыі пленэрнага жывапісу майстроў барбізонскай школы і Будэна, імкнуўся да перадачы асабістых уражанняў ад пейзажнага або арх. матыву праз колеравае багацце свету і эфекты зменлівасці святлопаветранага асяроддзя і мяккай вібрацыі паветра. Выпрацаваў тэхніку жывапісу раздзельнымі мазкамі і чыстымі фарбамі, разлічаную на аптычнае іх сумяшчэнне ў зрокавым успрыняцці. У серыях карцін-варыяцый «Стагі сена» (1890—91), «Руанскі сабор» (1893—95), «Німфеі» (1904—18) праз адлюстраванне аднаго і таго ж матыву ў розныя часы дня і пры розным надвор’і выяўляў разнастайнасць станаў прыроды. Сярод твораў: «Шпацыр» (1865), «Жанчыны ў садзе» (1866—67), «Сняданак на траве», «Тэраса над морам у Сент-Адрэс» (абодва 1866), «Жабнікі» (1869), «Атэль на пляжы» (1870), «Уражанне, узыход сонца» (1872), «Макі», «Вячэра» (абодва 1873), «Мост у Аржантэйлі» (1874), «Вакзал Сен-Лазар» (1877), «Берагі Сены ў Ветойль» (1880), «Скалы вострава Бель-Іль» (1886), «Белыя гарлачыкі» (1899), «Туман у Лондане» (1903), серыя пано «Гарлачыкі» (1914—22) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Сапего И. К.​Моне: [Альбом]. Л., 1969;

Георгиевская Е.Б. К.​Моне: [Альбом]. 2 изд. М., 1974;

Богемская К.Г. К.​Моне. М., 1984.

В.​Я.​Буйвал.

К.Манэ. Руанскі сабор апоўдні. 1894.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)