Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Арсен Аркадзевіч) (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),
рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.П.Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.В.Рахманінаў, Ц.А.Кюі, А.С.Арэнскі.
т. 5, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ. правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т.л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т.л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
В.В.Грыгор’ева.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)