СМАЛЕ́НСКІ [Smoleński; псеўданім Грабенскі (Grabieński) Уладзіслаў; 6.4.1851, в. Грабяніцы-Малыя Мазавецкага ваяв., Польшча — 7.5.1926],

польскі гісторык; прадстаўнік варшаўскай школы гістарыяграфіі ліберальна-патрыят. кірунку. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Варшаўскі ун-т (1874), у 1919—26 праф. у ім. Даследаваў праблемы цывілізацыйных змен у 18 ст., паліт. ролю варшаўскага мяшчанства, праблемы ідэалогіі, маралі і звычаяў розных сац. пластоў. У кн. «Гісторыя польскага народа» (т. 1—2, 1897—98) выступаў супраць кансерватызму і ўплыву рэлігіі, найперш каталіцызму. У працы «Гістарычныя школы ў Польшчы» (1886) акрэсліў гал. кірункі развіцця тагачаснай польскай гістарыяграфіі, крытыкаваў погляды кракаўскай школы на гісторыю Польшчы. У працах «Апошні год Вялікага сейма» (1896) і «Таргавіцкая канфедэрацыя» (1903) прааналізаваў грамадскія настроі ў Рэчы Паспалітай у 1791—93. Інш. працы: «Калантаеўская кузня» (1885), «Разумовы пераварот у Польшчы XVIII ст.» (1891), «Гістарычныя пісьмы» (т. 1—3, 1901).

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Меркурый Смаленскі 1/390

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Смаленскі летапіс 6/344; 9/603

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Аўрамій Смаленскі 7/128—129 (укл.), 213

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Смаленскі камітэт РСДРП(б) 2/435; 7/299; 9/599

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКІ КРЭМЛЬ,

помнік абарончага дойлідства 16—17 ст. у г. Смаленск (Расія). Размешчаны ў старой ч. горада на Саборнай гары. Меў стратэг. значэнне на зах. рубяжах Расіі. Крапасныя сцены С.к. (1596—1602, дойлід Ф.​Конь) — адно з найбуйнейшых рас. ваен.-абарончых збудаванняў (даўж. каля 6,5 км, выш. каля 10—12 м, таўшч. да 6 м), завершаны каменнымі баявымі і глухімі зубцамі, мелі 38 прамавугольных, шматгранных і круглых вежаў (захаваліся часткова). Крэпасць была абсталявана байніцамі для шмат’яруснай сістэмы агню; у спалучэнні з рэльефам мясцовасці з’яўлялася магутным заслонам для непрыяцеля. У яе афармленні выкарыстаны разнастайныя прыёмы, якія ствараюць непаўторны арх. ансамбль. Звонку сцены былі пабелены, на асобных участках пафарбаваны пад цэглу, з тыльнага боку — вял. арачныя нішы. У сярэдзіне паўн. і паўд. сцен Дняпроўская (Фролаўская) і Молахаўская гал. брамы. На тэр. крамля ўзведзены барочны 5-купальны Успенскі сабор (1677—79, арх. А.​Каралькоў, перабудаваны ў 1732—40 арх. А.​Шэдэлем; драўляны іканастас 1730—40, маст. С.​Трусіцкі і інш.) са званіцай (1767—72), белакаменнай саборнай лесвіцай (1766—67, перабудавана ў 1784 арх. М.​Сляпнёвым) і агароджай (1767), надбрамны Богаяўленскі сабор (1784, арх. Сляпнёў), будынак кансісторыі (1790, класіцызм). Абарончыя збудаванні С.к. ў стане рэстаўрацыі. Іл. гл. таксама да арт. Смаленск.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Смаленскі крэмль.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смаленскі Э. Л. 8/201, 202; 9/603

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКІ ПСАЛТЫ́Р,

бел. рукапісны помнік канца 14 ст. Паходзіць з Успенскага манастыра (цяпер в. Пустынкі Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.). Зроблены на пергаменце Лукой Смаляніным (Смаленцам) у 1395 па заказе манаха Аляксея. Уключае псалтыр «з Наследаваннем», Евангелле ад Іаана і ўрыўкі з апостала, некалькі запісаў, выкананых тайнапісам. Аздоба складаецца з 3 мініяцюр, 22 заставак, 150 ініцыялаў з мудрагелістым плеценым арнаментам, выявамі людзей, жывёл і пачвар, а таксама сімвалічнага малюнка (леў з арлінымі крыламі, заяц, мядзведзь, крылаты барс, пачвара з чалавечай галавой паміж рагоў). Перапісчык (ён жа і афарміцель) выкарыстоўваў сінюю, зялёную, чырвоную фарбы, золата. У 1657 рукапіс паводле загаду патрыярха Нікана вывезены ў манастыр на в-ве Кій Анежскай губы Белага мора, адсюль другая яго назва — «Анежскі псалтыр». Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Літ.:

Бугославский Г.К. Замечательный памятник древней смоленской письменности XIV в. и имеющийся в нем рисунок символико-политического содержания // Древности: Тр. Москов. Археол. о-ва. М., 1906. Т. 21, вып. 1;

Долгов С.О. Архангельская Псалтырь // Там жа.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 15, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік стараж.-рус. летапісання. Складаўся ў г. Смаленск у 13 — пач. 15 ст. Вядомы па ўрыўках, што зберагліся ў рус. і бел. летапісных зводах 15—16 ст. Прысвечаны пераважна гісторыі Смаленскай зямлі і часткова ВКЛ (звесткі пра паход кн. Альгерда і Святаслава Смаленскага на Маскву ў 1370, пра бітву літ. і смаленскіх князёў пад Мсціславам у 1386, бітву кн. Вітаўта з татарамі на р. Ворскла ў 1399, пра вяртанне ў Смаленск кн. Юрыя Святаславіча, яго смерць у 1407 і інш.). Падзеі ў С.л. асветлены з мясц. пазіцый. Яго аўтары — патрыёты і выразнікі інтарэсаў смаленскіх феадалаў. Твор прасякнуты ідэяй сцвярджэння паліт. самастойнасці Смаленскага княства. у асобных месцах мае антылітоўскую накіраванасць. Усяго вядома каля 70 гіст. запісаў канца 13 — пач. 15 ст., звязаных са Смаленскам, аднак некаторыя з іх не смаленскага паходжання, а ўзніклі ў Маскве або Ноўгарадзе. С.л. складзены ў традыцыйнай форме як збор дзелавых пагадовых запісаў і гіст. апавяданняў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці. Адна з крыніц рус. летапісаў 15 ст., у прыватнасці Троіцкага летапісу (звод Кіпрыяна 1408), і праз іх Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Мясц. смаленскае летапісанне заняпала ў пач. 15 ст. ў сувязі з канчатковай стратай Смаленскім княствам паліт. незалежнасці (у 1404 увайшло ў ВКЛ). У 2-й чвэрці 15 ст. ў Смаленску вяліся гіст. запісы і ўзнік шэраг летапісных твораў (2-я частка «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», Смаленская хроніка і інш.), аднак гэта помнікі не смаленскага, а агульнадзярж. бел.-літ. летапісання.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смаленскі штаб партызанскага руху 4/532

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)