КУЛІ́СА
(франц. coulisse ад couler слізгаць, бегчы),
1) звяно куліснага механізма, якое верціцца вакол нерухомай восі і стварае з другім рухомым звяном (паўзуном) паступальную пару. Бываюць вярчальныя, хістальныя і прамалінейна рухальныя.
2) Элементы тэатральнай дэкарацыі з тканіны, якія свабодна вісяць або нацягнуты на рамы і размяшчаюцца па баках сцэны паралельна ці пад вуглом да рампы. Разам з падугамі ўтвараюць т.зв. адзенне сцэны. Упершыню выкарыстаны ў 1619 у тэатры т. Парма (Італія).
т. 9, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР
(франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр. скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)