Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.
Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл.гл. да арт.Вуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,
вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́Т [ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],
запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ХА,
орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.
Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв.кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.