ВЯРЭ́ЙСКІ (Арэст Георгіевіч) (н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.В.Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.
Н.В.Шаранговіч.
т. 4, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЛІ (Іван Пятровіч) (1794, С.-Пецярбург — 17.7.1855),
рускі скульптар. Вучыўся ў свайго бацькі П.Віталі і як вольны слухач у Пецярбургскай АМ (у 1842—55 праф.). Майстар манум.-дэкар. і партрэтнай скульптуры, выкананай пад уплывам класіцызму. Найб. вядомыя яго творы: калясніца Славы і рэльеф «Вызваленне Масквы» для Трыумфальных варотаў (1829—34), дэкар. скульптура фантанаў на плошчах Лубянскай і Тэатральнай (абодва 1835) у Маскве; партрэты К.П.Брулова (1836), А.С.Пушкіна (1837), «Венера» (1852); статуі і рэльефы Ісакіеўскага сабора (1841—43) у Пецярбургу.
Літ.:
Якирина Т.В., Одноралов Н.В. Витали, 1794—1855. Л.;
М., 1960.
А.К.Лявонава.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́АЛЬС ((Waals) Ян Дыдэрык ван дэр) (23.11.1837, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.3.1923),
нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай, Парыжскай, Берлінскай АН, Нацыянальнай АН ЗША. У 1862—65 вольны слухач Лейдэнскага ун-та. Праф. Амстэрдамскага ун-та (1877—1907). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і нізкатэмпературных з’явах. Вывеў Ван-дэр-Ваальса ўраўненне і ўстанавіў неперарыўнасць газападобнага і вадкага станаў рэчыва. Разгледзеў пытанне пра малекулярныя сілы ў газападобным і вадкім станах у сувязі з будовай рэчываў. Распрацаваў тэорыю бінарных сумесяў і тэрмадынамічную тэорыю капілярнасці. Нобелеўская прэмія 1910.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 3, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЕНКАЎ (Павел Васілевіч) (1.7.1813, паводле інш. звестак 30.6.1812, Масква — 20.3.1887),
рускі крытык, гісторык літаратуры, мемуарыст. Вольны слухач Пецярбургскага ун-та. У «Отечественных записках» і «Современнике» апублікаваў цыкл артыкулаў «Парыжскія пісьмы» (1847—48). Аўтар кн. «Матэрыялы для біяграфіі А.С.Пушкіна» (1853), «Пушкін у Аляксандраўскую эпоху» (1874), складальнік першага пасмяротнага збору твораў А.Пушкіна (т. 1—7; 1855—57). Найб. значную частку спадчыны Аненкава складаюць мемуары, у т. л. кн. «Выдатнае дзесяцігоддзе (1838—1848)» (1880) — адна з асн. крыніц вывучэння літ. думкі і грамадскага руху 1830—40-х г.
Тв.:
Воспоминания и критические очерки 1849—1868. Т. 1—3. Спб., 1877—81;
Литературные воспоминания. М., 1983.
т. 1, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВШТУНІ́ (Азат) (сапр. Маміканян Азат Сетавіч; 17.7.1894, г. Ван, Турцыя — 26.3.1958),
армянскі паэт. Вучыўся ў Стамбуле, у 1911—14 слухач літ.-філас. ф-та Сарбоны. З 1914 жыў у Тбілісі, потым у Ерэване. У творах Вштуні драматызм падзей 1-й сусв. вайны (кн. нарысаў «З дзённіка добраахвотніка», 1915), асуджэнне варварскай палітыкі знішчэння арм. народа (зб. вершаў «Струны майго сэрца», 1915), працоўны энтузіязм, праблемы перабудовы вёскі (зб. «Новы Усход», 1923; «Вершы і паэмы», 1936, «Сачыненні», 1956), падзеі Вял. Айч. вайны (зб. «Каханне і нянавісць», 1946). У яго творах актуальнасць тэматыкі, новае асэнсаванне ўсх. паэт. вобразаў, муз. гучанне верша. Пісаў для дзяцей.
т. 4, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛАЎ (Барыс Абрамавіч) (10.10.1882, в. Мікуліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1943),
удзельнік рэв. руху, публіцыст. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай у Віцебску сасланы ва Усх. Сібір. З 1904 вёў парт. работу ў Пецярбургу, Мікалаеве, Днепрапятроўску, Маскве, Екацярынбургу. У 1909—11 слухач парт. школы ў Ланжумо (Францыя). За рэв. дзейнасць 4 разы арыштаваны, каля 10 гадоў правёў на катарзе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. і сав. рабоце ў Віцебску, Маскве. Удзельнік грамадз. вайны. У 1924—25 на сав., гасп. і дыпламат. рабоце. Чл. ВЦВК у 1918—19. Аўтар брашур і артыкулаў пра рэв. рух і Кастр. рэвалюцыю 1917. Рэпрэсіраваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.
Э.А.Карніловіч.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАТО́ЗАЎ (сапр. Калатазішвілі) Міхаіл Канстанцінавіч
(10.1.1904, Тбілісі — 26.3.1973),
грузінскі і расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1969). У 1931—34 слухач Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. У кіно з 1923, з 1928 рэжысёр. Дырэктар Тбіліскай кінастудыі (1936), упаўнаважаны К-та па справах кінематаграфіі СССР у ЗША (1943—45), нач. Гал. ўпраўлення па вытв-сці маст. фільмаў (1945—48). Творчасці ўласцівы яркая паэт. вобразнасць, імкненне да перадачы пластыкі выявы, вострых ракурсаў, эфектаў асвятлення. Сярод фільмаў: «Соль Сванетыі» (1930, дакументальны), «Змова асуджаных» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Адданыя сябры* (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Ляцяць журавы» (1957, Вял. прыз 11-га Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1958), «Чырвоная палатка» (1970, італа-сав.).
Літ.:
Кремлев Г. Михаил Калатозов. М., 1965.
т. 7, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІ́БІН (Іван Якаўлевіч) (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),
рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.Я.Рэпіна — у школе-майстэрні М.К.Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.С.Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.Ю.Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.
Літ.:
Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.Я.Билибина по материалам собр. Е.П.Климова. М., 1981.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФЁДАЎ (Піліп Дзіямідавіч) (18.10.1838, г. Іванава, Расія — 25.3.1902),
рускі пісьменнік. У 1862—63 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Чл.-кар. (з 1887), правадзейны чл. (з 1894) Маскоўскага археал. т-ва. Друкаваўся з 1858. У сац.-этнагр. нарысах «Дзявочнік» (1868), «Каляды» (1871), «Нашы фабрыкі і заводы» (1872), зб. апавяданняў «На людзях» (1872), аповесці «Сценя Дубкоў» (1898) і інш. паказаў умовы працы іванаўскіх тэкстыльшчыкаў і жыццё сялян 2-й пал. 19 ст. Аўтар нарыса «Рух сярод башкіраў перад пугачоўскім бунтам; Салават, башкірскі батыр» (1880), цыкла апавяданняў «У гарах і стэпах Башкірыі» (1882) і інш. У творах — выкарыстанне этнагр. матэрыялаў, фальклору, нар. мовы. Пісаў вершы, публіцыст. артыкулы, фельетоны, запісваў рус. і башкірскі фальклор.
Тв.:
Избр. произв. Иваново, 1959;
В горах и степях Башкирии: Повесть и рассказы. Уфа, 1988.
т. 11, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАРО́ЎСКІ (Даніла) (1573, Кракаў ? — 1640),
паэт, перакладчык, урач. У 1590—93 слухач Вітэнбергскага ун-та. Вывучаў лац., грэч., ням., франц., італьян. мовы, у Базелі — медыцыну, у Арлеане і Страсбуры (1595—96) — антычную л-ру. Слухаў лекцыі Г.Галілея ў Падуі (1602) і стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Голена напісаў 2 мед. трактаты. Жыў у Нясвіжы, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. У вершах і вершаваных пісьмах (на лац. і польск, мовах) са Слуцка, Смалявіч, Дзяляціч — замалёўкі сац. супярэчнасцей на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакц. шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і інш. стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. На польск. мову перакладаў з латыні (М.Сарбеўскага), італьян. (Ф.Петрарку), франц. і ням. моў.
Тв.:
Poezje. Warszawa, 1961.
Літ.:
Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры // Маладосць. 1972. № 10;
Dürr-Durski J. Daniel Naborowski. Łódż, 1966.
Я.І.Парэцкі.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)