Служылыя людзі 9/591

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

служылыя людзі

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЦІ БАЯ́РСКІЯ,

гл. ў арт. Служылыя людзі.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАУ́РЫ,

грузінскія дваране. Вядомыя з 5 ст. Былі патомныя і служылыя, падзяляліся на царскіх, княжацкіх і царкоўных. Валодалі зямлёй, неслі абавязковую вайсковую павіннасць. З далучэннем Грузіі да Рас. імперыі (пач. 19 ст.) атрымалі правы рас. дваран.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКА́РСКІ ПРЫКА́З,

цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд. засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баяры (служылыя людзі ў Рус. дзяржаве) 2/197; 9/591; 10/167

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.​М.​Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.​Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.​Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.​Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».

В.​І.​Мялешка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,

1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.

2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.

3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.​Д.​Басманаў, А.​І.​Вяземскі, Р.​Л.​Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.

Літ.:

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;

Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;

Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕПРАХО́ДЦЫ,

рускія людзі, падарожжы якіх у 16—17 ст. прывялі да вял. геагр. адкрыццяў у Сібіры, на Д. Усходзе і ў марскіх прыбярэжных водах, якія іх абмываюць. Пераважна гэта служылыя (казакі), гандлёвыя або «прамысловыя» (займаліся пушнымі промыслам) людзі. У выніку іх дзейнасці, якую падтрымлівалі і часткова накіроўвалі рус. ўрад і мясц. сібірская адміністрацыя, значная ч. Зах. Сібіры да Енісея да пач. 17 ст. даследавана і далучана да Рускай дзяржавы. У 1610 К.​Курачкін даў апісанне р. Енісей і прылеглых да яе раёнаў. У 1633—34 З. на чале з І.​І.​Рабровым выйшлі па р. Лена да Ледавітага ак. У 1639 І.​Ю.​Масквіцін першы з еўрапейцаў дасягнуў Ахоцкага м. і плаваў уздоўж яго берагоў. У 1648 Ф.​Папоў (Аляксееў) і С.​І.​Дзяжнёў здзейснілі плаванне вакол п-ва Чукотка. фактычна адкрылі праліў, які аддзяляе Паўн.-Усх. Азію ад Паўн. Амерыкі. У 1643—46 В.​Д.​Паяркаў і ў 1649—52 Е.​П.​Хабараў ажыццявілі паходы па р. Амур. У выніку падарожжаў З. ў 1-й пал. 17 ст. пройдзены і часткова вывучаны вялізныя тэр. Усх. Сібіры і Д. Усходу, адкрыты воз. Байкал і буйныя рэкі, па якіх З. спускаліся ў Паўн. Ледавіты ак. Плаваючы паміж іх вусцямі, З. прайшлі па частках усе ўчасткі Паўн. марскога шляху, у т. л. абышлі морам п-аў Таймыр. У 2-й пал. 17 ст. адкрыты п-аў Камчатка (У.​В.​Атласаў, 1697—99), пашыраны звесткі пра п-аў Чукотка. З. складалі «чарцяжы». карты, апісвалі прыроду і насельніцтва, пасылалі данясенні («скаскі») пра свае адкрыцці.

Літ.:

Лебедев Д.М., Есаков В.А. Русские географические открытия и исследования с древнейших времен до 1917 г. М., 1971.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)