Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,
1) ганчарныя вырабы з г. Гарадок Віцебскай вобл.Найб. развіцця ганчарны промысел дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная гарадоцкая кераміка гасп. прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, вазонніцы, міскі, а таксама стараж. амфарападобныя пасудзіны з 2 ручкамі — карчагамі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневых колераў. Цяпер традыц. асартымент посуду вырабляе У.Татарыс.
2) Ганчарныя вырабы з в. Гарадок Глускага р-на Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з старажытнасці. У 1930—70-я г. працавала ганчарная арцель, дзе выраблялі посуд традыцыйна быт. прызначэння (гаршкі, збаны, гладышы, слоікі, макатры, міскі, глякі; асобныя майстры выраблялі таксама фігурны посуд і цацкі). Посуд вызначаўся характэрнымі для Падняпроўя зграбнымі формамі, яго глазуравалі пераважна празрыстай палівай, часам дэкаравалі тыповымі для ганчарства гэтага рэгіёна выціснутымі хвалістымі паяскамі (стараж. сімвал вады).
Я.М.Сахута.
Да арт.Гарадоцкая кераміка. У.Татарыс. Слоік, гладыш і міска. 1970-я г.