Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,
кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.
С.С.Груша.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙНЕРЫ,
рускія пісьменнікі, браты. Ураджэнцы Масквы.
Аркадзь Аляксандравіч (н. 31.1.1931). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1953); Георгій Аляксандравіч (н. 10.2.1938). Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1963). Аўтары дэтэктыўных раманаў «Я, следчы...» (1969), «Візіт да Мінатаўра» (кн. 1—2, 1971—72), «Гонкі па вертыкалі» (ч. 1, 1971, поўн. выд. 1974), «Месца сустрэчы змяніць нельга» (1975, пазней «Эра міласэрнасці»); аповесцей «Гадзіннік для містэра Келі» (1967), «Вобмацкам апоўдні» (1968), «Двое сярод людзей» (1969), «Горад прыняў» (1978), нарысаў, п’ес і кінасцэнарыяў.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЛС (Bels) Альберт Артуравіч
(сапр. Цыруліс Яніс; н. 6.5.1938, Яўнмежплепях, воласць Ражапы, Латвія),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Латвіі (1982). У 1967—69 вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў у Маскве. Друкуецца з 1964. Прадстаўнік псіхал. рамана. Духоўны свет чалавека, узаемаадносіны асобы і грамадства даследуе ў раманах «Следчы» (1967), «Клетка» (1972), «Голас таго, хто кліча» 91973), «Карані» (1982), «Людзі ў лодках» (1987). На бел. мову творы Б. перакладалі В.Сёмуха (у зб. «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), В.Рабкевіч (у зб. «Песня Даўгавы», 1986).
А.Рожкалне.
т. 3, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)