Следства 1/75, 378; 3/40; 9/583

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДСТВА,

у крымінальным працэсе — збіранне і праверка доказаў, неабходных і дастатковых для высвятлення акалічнасцей, што ўваходзяць у прадмет даказвання. Складаецца з папярэдняга С. (у Рэспубліцы Беларусь ідзе за ўзбуджэннем крымін. справы і ажыццяўляецца следчымі пракуратуры, органаў мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, а таксама органамі дазнання) і судовага С., якое ажыццяўляе суд. пасяджэнне і з’яўляецца састаўной часткай судаводства з удзелам абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, істца і адказчыка (іх прадстаўнікоў). Пры гэтым робіцца праверка доказаў, сабраных папярэднім С., збіранне і праверка новых доказаў з мэтай усебаковага, аб’ектыўнага высвятлення ўсіх істотных акалічнасцей справы. Судовае С. вядзецца вусна ва ўмовах галоснасці, неперарыўнасці суд. разбору, нязменнасці складу суда (суддзі), роўнасці правоў удзельнікаў суд. працэсу. Па ўсіх справах публічнага, прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачання, узбуджаных пракурорам, абавязковы ўдзел у суд. разборы дзярж. абвінаваўцы, які агалошвае абвінавачанне, прад’яўляе доказы, удзельнічае ў даследаванні, выказвае сваю думку па сутнасці абвінавачання, робіць суду прапанову аб прымяненні крымін. закону і назначэнні абвінавачанаму пакарання, прад’яўляе або падтрымлівае заяўлены іск, калі гэта патрабуе абарона правоў грамадзян, дзярж. або грамадскіх інтарэсаў. Калі ў ходзе суд. разбору будзе высветлена, што прад’яўленых доказаў недастаткова для пастановы прыгавору, суд па хадайніцтве бакоў прыпыняе справу і прапануе дзярж. абвінаваўцу арганізаваць правядзенне дадатковага С. ці інш. працэсуальных дзеянняў. Суд мае права спыніць справу, калі для гэтага будуць законныя падставы. Суд. разбор крымін. справы праводзіцца толькі ў адносінах абвінавачанага і толькі па тым абвінавачанні, якое таму было прад’яўлена на папярэднім С. Суд правамоцны змяніць кваліфікацыі злачынства незалежна ад пазіцыі дзярж. абвінаваўцы, калі гэта не пагаршае становішча абвінавачанага і не патрабуе змены сутнасці абвінавачання.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРЭ́ДНЯЕ СЛЕ́ДСТВА,

гл. ў арт. Следства.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЕ СЛЕ́ДСТВА,

гл. ў арт. Следства, Судаводства.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАТКО́ВАЕ РАССЛЕ́ДАВАННЕ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД дадатковае следства або дазнанне, якое праводзіцца паводле распараджэння пракурора ці вызначэння суда па крымінальнай справе, скончанай следствам. Праводзіцца ў выпадках: выяўлення пракурорам або судом непаўнаты папярэдняга следства, якая не можа быць папоўнена ў суд. пасяджэнні; істотнага парушэння органамі следства ці дазнання закону, якое перашкаджае разгляду справы судом; наяўнасці падстаў для прад’яўлення абвінавачанаму інш. абвінавачання, звязанага з раней прад’яўленым; для змянення абвінавачання на больш цяжкае або на такое, якое істотна адрозніваецца ад абвінавачання, што ўтрымліваецца ў абвінаваўчым заключэнні; наяўнасці падстаў для прыцягнення да крымін. адказнасці па гэтай справе інш. асоб і інш. падстаў, прадугледжаных заканадаўствам. Указанні пракурора і суда аб Д.р. абавязковыя для следчых і інш. дзярж. органаў, грамадскіх арг-цый і грамадзян.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДЧЫ,

службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІЯ́НІ (Damiani) Даміяна (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭСКАДРО́НЫ СМЕ́РЦІ»,

пашыраная ў сродках масавай інфармацыі і паліт. публіцыстыцы назва тайных тэрарыст. груп, якія ў 20 ст. выкарыстоўваліся дыктатарскімі рэжымамі краін Лац. Амерыкі для знішчэння без суда і следства сваіх паліт. праціўнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАВО́ДСТВА,

устаноўлены законам парадак узбуджэння, расследавання, судовага разгляду і вырашэння крымін., цывільных 1 адм. спраў. С. Рэспублікі Беларусь будуецца на дэмакр. прынцыпах: непасрэднасць, вуснасць і бесперапыннасць суд. разбору, галоснасць судаводства, нязменнасць складу суда (суддзі) пры суд. разборы, спаборнасць у форме суд. спрэчак, роўнасць правоў бакоў, забеспячэнне правоў абвінавачаных на абарону, вядзенне разбору на бел. або рус. мове (для тых, хто не валодае гэтымі мовамі, павінен быць прадастаўлены перакладчык). Адрозніваюць С. па цывільных і гасп. справах, што адбываецца непасрэдна ў адпаведных судах, і крымін. С., якое ўключае ў сябе не толькі суд. дзейнасць, але і парадак вядзення папярэдняга следства і дазнання. Працэсуальнае заканадаўства вызначае паўнамоцтвы судоў, органаў пракуратуры, папярэдняга следства і дазнання, рэгламентуе правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу. Гл. таксама Падследнасць, Падсуднасць.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)