Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),
сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.
Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я СЛАНЫ́ (Mirounga),
род цюленевых атр. ластаногіх. 2 віды. Паўд. М.с. (M. leonina) пашыраны ў Паўд. паўшар’і (а-вы Кергелен, Макуоры, Паўд. Георгія і інш.), паўн. (M. angustirostris) — на ўзбярэжжы Мексікі і Каліфорніі. Сезонна мігрыруюць. Жывуць статкамі.
Найб. буйныя з ластаногіх: самцы даўж. да 6,5 м, маса да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Валасяное покрыва кароткае, афарбоўка — ад светла-бурай да карычневай. На канцы морды ў самцоў скурны мяшок («хобат», адсюль назва) даўж 40—80 см. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. Палігамы, у гарэме да 20 самак. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Слановыя, гл.Сланы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІРА́НГА,
нацыянальны парк у Індыі (штат Асам), у джунглях на левым беразе р. Брахмапутра. Засн. ў 1908, да 1968 рэзерват. Пл. каля 43 тыс.га. Балотная расліннасць, рэдкалессе, зараснікі т. зв. слановай травы. Больш за палавіну сусв. папуляцыі інд. панцырнага насарога (больш як 400 жывёлін). Жывуць сланы, дзікія буйвалы, бенгальскі тыгр, леапард, мядзведзі, алені і інш. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад лац. generatio нараджэнне, размнажэнне),
пакаленне ў біялогіі, 1) нараджэнне, узнаўленне; разавае патомства адной групы або папуляцыі асобін. Некаторыя арганізмы даюць мноства (прасцейшыя), некалькі (насякомыя, мышы, трусы), адну (многія капытныя, драпежныя) генерацыі за год або нават адну генерацыю за некалькі гадоў (кіты, сланы).
2) Усё непасрэднае патомства асобін папярэдняга пакалення.
3) Перыяд жыцця чалавека, жывёлы (або расліны) ад пачатку яго развіцця да палаваспелага стану. Напр., у чалавека — бацькі, дзеці і ўнукі — 3 паслядоўныя пакаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ШНЫЯ,
сям’я расійскіх цыркавых артыстаў. Выступаюць у жанрах акрабатыкі і гімнастыкі. Вальтэр Міхайлавіч (н. 2.4.1928), акрабат, гімнаст, дрэсіроўшчык. Засл. арт. Расіі (1969). Стварыў атракцыён «Сярод драпежнікаў» (1961). Мсціслаў (Мечыслаў) Міхайлавіч (н. 16.5.1938). Засл. арт. Расіі (1971). Нар.арт.СССР (1990). Выступае з сястрой Ганнай і жонкай Далорэс у нумарах, якія спалучаюць акрабатыку і вальтыжыроўку, а таксама як дрэсіроўшчык сланоў і тыграў. Нумар «Акрабаты-вальтыжоры браты Запашныя» вылучаецца кампазіцыйнай дакладнасцю, насычанасцю трукамі, акцёрскай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, млечныя залозы,
парныя скурныя органы млекакормячых жывёл і чалавека. У асобін жаночага полу ў перыяд лактацыі выдзяляюць малако, у асобін мужчынскага на працягу жыцця застаюцца рудыментарныя і не функцыянуюць. Найб. рост і развіццё М.з. адбываецца пры палавым выспяванні, цяжарнасці, лактацыі пад уплывам нерв. сістэмы і эндакрынных залоз. У залежнасці ад віду жывёлы бываюць множныя па ўсёй даўж. брушной паверхні (свінні), або грудныя (сланы), ці похвенныя (коні), мяняецца іх колькасць (2—20) і здольнасць выдзяляць малако пэўнага якаснага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАДО́НТЫ [Mastodontidae ад грэч. mastos грудзі, сасок + odus (odontos) зуб],
сямейства выкапнёвых млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з позняга палеагену—неагену (каля 30 млн. гадоў назад) у Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. Каля 15 відаў. Жылі ў лясах, лесастэпах, на балотах.
Выш. ў карку да 3,2 м. Адрозніваюць М. бугорыстазубых (зубы складаліся з асобных саскападобных бугаркоў — адсюль назва) і М. грэбенязубых (бугаркі зубоў утваралі папярочныя грабяні). Разцы ў выглядзе доўгіх іклаў (біўні) па адной пары ў верхняй 1 ніжняй сківіцах або 1 пара ў верхняй сківіцы. Расліннаедныя. Ад грэбенязубых М. паходзяць сланы. Па рэштках М. вызначаецца ўзрост геал. адкладаў.