Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ Іван Васілевіч (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЕНЬ»,
грамадска-літаратурная газета. Выдавалася ў 1861—65 у Маскве штотыднёва на рус. мове. Орган славянафілаў. Асвятляла, пераважна з пазіцый славянафільства, праблемы гісторыі і жыцця слав. народаў. Змяшчала інфарм. матэрыялы, гіст. і публіцыст. артыкулы, літ. творы. Асабліва вылучала бел. пытанне. Публікавала арт. Я.А.Балвановіча, А.Ф.Гільфердзінга, В.А.Ялагіна і інш. пра бел.-польскія і бел.-рус. ўзаемаадносіны. М.В.Каяловіч даў гіст., тэарэт. і ідэалагічнае абгрунтаванне канцэпцыі заходнерусізму (арт. «Люблінская унія Літвы з Польшчай у 1569 г.», «Літва і Беларусь», «Аб адносінах рускага грамадства да Заходняй Расіі» і інш.). Характар асвятлення бел. тэмы ад знешне памяркоўнага (1861—62) змяніўся на агрэсіўна шавіністычны пасля паўстання 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч (10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),
расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус.геагр.т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.
Тв.:
Россия и Европа. М., 1991.
Літ.:
Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.Я.Данилевского. Томск, 1986;
Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.Григорьев, Н.Я.Данилевский, Н.Н.Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ Пётр Васілевіч (23.2.1808, в. Долбіна Сувораўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 6.11.1856),
расійскі фалькларыст, археограф. Брат І.В.Кірэеўскага. З 1840-х г. адзін з прадстаўнікоў славянафільства. У аснове яго фальк. канцэпцыі ідэі агульнаслав. народазнаўства З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. З 1830 збіраў фальклор (сабраў тысячы нар. песень, пераважна з цэнтр. губерняў Расіі); сярод яго карэспандэнтаў А.Пушкін, М.Гогаль, А.Кальцоў, М.Языкаў, У.І.Даль і інш. У 1830-я г. наведаў Беларусь, ад мясц. збіральнікаў атрымаў больш за 800 тэкстаў бел.нар. песень і прыпевак, пераважна з Мінскай губ. У 1848 выдаў духоўныя вершы «Рускія народныя песні», сярод якіх ёсць беларускія. Бел. матэрыялы (валачобныя, купальскія, жніўныя, калядныя і інш. песні, прыпеўкі да танцаў, скакухі з ваколіц Слуцка, Мінска, Барысава, Івянца, Талачына) склалі т.зв. «Беларускі архіў» К., частку якога П.А.Бяссонаў уключыў у свае зб-кі «Дзіцячыя песні» (1868) і «Беларускія песні» (1871). Бел. рукапісныя матэрыялы К. ў Гіст. музеі і Цэнтр. архіве л-ры і мастацтва ў Маскве.
Літ.:
Соймонов А.Д. П.В.Киреевский и его собрание народных песен. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІЯНІ́ЗМ,
1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».
2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл.Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ Сяргей Міхайлавіч (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),
расійскі гісторык. Бацька У.С.Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.М.Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,
перайманне стараж.-рус. ці нар.рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.
Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв.рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.А.Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.М.Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.А.Гартмана, І.П.Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.
На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл.драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАСЦЬ, кафалічнасць,
рэлігійна-багаслоўскае паняцце, якое азначае адзінства, цэласнасць царкоўнага арганізма. Пры абвяшчэнні сябе саборнай, ці кафалічнай, пэўная царква імкнецца да адзінства і адзінасці ў свеце. Вытокі ідэі хрысціянскай С. ў вучэнні апостала Паўла пра царкву. Вызначэнне паняцця «С.» набыло самастойнасць у працах аднаго з заснавальнікаў славянафільства А.С.Хамякова, які лічыў, што толькі ў правасл.царк. саборы выяўляецца «адзінства ў мностве», якога патрабуе прырода хрысц. царквы, чалавека і грамадства. Ён лічыў, што толькі правасл. царква арганічна спалучае прынцыпы свабоды і адзінства і ўсведамляе ідэю С. як вышэйшую Божую аснову царк. жыцця; проціпастаўляў ёй каталіцкую царкву, якая быццам бы грунтуецца на «адзінстве без свабоды», і пратэстанцкую, нібыта заснаваную на «свабодзе без адзінства». Паняцце «С.» стала цэнтр. у правасл.-славянафільскім кірунку рус.рэліг. філасофіі. К.С.Аксакаў атаясамляў атаясамліваў* С. і абшчыну, дзе, на яго думку, асоба «свабодная, як у хоры». У.С.Салаўёў трансфармаваў ідэю С. ў ідэю ўсеадзінства, якую вызначаў як «паўнату быцця». С.М.Трубяцкой проціпастаўляў ідэю С. індывідуалізму і калектывізму і вызначаў С. як супадзенне рэліг., маральнага і сац. пачаткаў. С.Л.Франк тлумачыў С. як «унутр. арганічнае адзінства», якое ляжыць у аснове чалавечых зносін. С.М.Булгакаў лічыў, што С. з’яўляецца асновай праваслаўя як «адзінае жыццё ў адзінай ісціне». П.А.Фларэнскі спрабаваў аб’яднаць паняцці С. і ўсеадзінства. Як эквівалент С. ўжываецца таксама паняцце «салідарнасць» як агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне прынцыпаў светапогляду і сумесная адказнасць.
Літ.:
Керимов В.И. Историософия А.С.Хомякова. М. 1989;
Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992;
Соловьев В.С. О христианском единстве. М., 1994;
Хомяков А.С. Сочинения богословские. СПб., 1995;
Булгаков С.Н. Два града: Исслед. о природе обществ. идеалов. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКАЎ Апалон Мікалаевіч (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),
рускі паэт.Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.М.Бацюшкава і М.І.Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.Лангфела, А.Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Избр. произв.Л., 1977;
Соч.Т. 1—2. М., 1984;
Стихотворения и поэмы. Л., 1987.
Літ.:
Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;
Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.