ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ ЧАЛАВЕ́К,

самы старажытны выкапнёвы чалавек у Еўропе, які жыў 500—800 тыс. г. назад. Сківіца гейдэльбергскага чалавека з поўным наборам зубоў знойдзена ў 1908 у пясчаным кар’еры каля в. Маўэр непадалёку ад г. Гайдэльберг (Германія), адносіцца да тыпу Homo erectus.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),

адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.

Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да ​1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.

Меч-рыба.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙВА (Mallotus villosus),

марская рыба сям. корушкавых. 2 падвіды: М. атлантычная (M.v. villosus), пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., Баранцавым, Белым і Карскім морах, М. ціхаакіянская, або уёк (M.v. socialis) — каля берагоў Канады, у Ахоцкім, Берынгавым, Чукоцкім, Японскім морах, м. Лапцевых. Чародная пелагічная рыба.

Даўж. да 22 см, маса да 17 г. Самцы буйнейшыя за самак; адзнака палавога дымарфізму — аснова анальнага плаўніка ў самцоў уздутая. Луска дробная. Ніжняя сківіца выдаецца наперад. Корміцца планктоннымі ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

Мойва.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ГІ (Eleginus),

род рыб сям. трасковых. 2 віды: Н. паўночная (E. navaga) і Н. далёкаўсходняя, або вахня (E. gracilis). Пашыраны ў морах Паўн. Ледавітага ак. (ад Белага м. да Обскай губы) і паўн. ч. Ціхага акіяна. Жыве каля берагоў, заходзіць у вусці рэк.

Даўж. да 50 см, маса да 700 г. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Характэрны для Н. ўздутыя папярочныя адросткі пазванкоў (парапофізы). Корміцца планктонам, бентасам, моладдзю рыб. Аб’ект промыслу.

Навагі: 1 — далёкаўсходняя; 2 — паўночная.

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],

род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),

надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.

Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)