АГРЭ́СІЯ (ад лац. aggressio напад),
выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).
Л.В.Паўлава.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,
стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Ю.К.Малевіч.
т. 10, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)