Скрыжаванне (біял.) 1/611; 3/71, 425, 427; 9/442, 471, 564

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫЖАВА́ННЕ,

аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Блізкароднаснае скрыжаванне, гл. Інбрыдзінг

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дыгібрыднае скрыжаванне 7/141—142

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

гл. Бекрос.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫЖАВА́ННЕ МОЎ,

тэрмін, якім раней пазначалі адзін з відаў моўнай канвергенцыі.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЫПРО́КНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

сістэма двух скрыжаванняў, якія характарызуюцца ўзаемна процілеглым спалучэннем прыкметы, што аналізуецца, і полу (або тыпу спарвання) у форм, якія прымаюць удзел у скрыжаванні. Напр., калі пры адным скрыжаванні ў жывёл самка мела дамінантную прыкмету, а самец — рэцэсіўную, то ў другім скрыжаванні, рэцыпрокным першаму, самка павінна мець рэцэсіўную прыкмету, а самец — дамінантную. Р.с. выкарыстоўваецца ў генет. аналізе для выяўлення спадчынных фактараў, лакалізаваных у Х-храмасоме (гл. Палавыя храмасомы). Таксама ў выпадку анізагаміі выяўляюцца цытаплазматычныя спадчынныя фактары, калі ў абодвух Р.с. у спадчыну перадаецца толькі мацярынская прыкмета.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКРО́С (англ. backross), зваротнае скрыжаванне,

скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОСБРЫ́ДЗІНГ (англ. crossbreeding ад cross скрыжаванне + breeding расплоджванне),

міжпароднае скрыжаванне; метад расплоджвання с.-г. і паддоследных жывёл, форма аўтбрыдзінга. Гл. таксама Гетэрозіс.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)