ДУБЛЕ́Т (франц. doublet ад double двайны),

1) адзін з 2 аднолькавых прадметаў; другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, б-цы і інш. 2) Падроблены каштоўны камень, склеены з 2 частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца сапраўднай.

3) 2 выстралы запар па адной цэлі з двухствольнага ружжа.

4) У музыцы — падвойны рэгістр у аргане.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАЛІ́НА,

струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d​1—a​1—e​2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.​Бетховен, А.​Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Неапалітанская мандаліна.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)