МІ́НСКІ АЎТАМЕХАНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1945 у Мінску. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): вытв-сць трансп. сродкаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя ліцейнай вытв-сці; тэхн. эксплуатацыя і рамонт аўтатрансп. сродкаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання (1 год 10 мес.). Навучанне дзённае і завочнае.
т. 10, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫ́ТВОРЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.
Засн. ў Гродне ў 1991. У складзе комплексу Гродзенскі каап. тэхнікум (з 1959) і Гродзенскае каап. прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Навучэнцы комплексу паводле прынцыпу бесперапыннай падрыхтоўкі ў скарочаны тэрмін навучання заканчваюць па профільных спецыяльнасцях вучылішча і тэхнікум. Тэхнікум рыхтуе (1996/97 навуч. г.) тавараведаў-камерсантаў. Прымае асоб з агульнай сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 5, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1953 у Мінску як тэхнікум. З 1999 каледж. Рыхтуе спецыялістаў для швейнай прам-сці і быт. абслугоўвання. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фатаграфія; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; цырульніцкае мастацтва і дэкар. касметыка; машыны і апараты лёгкай прам-сці і быт. абслугоўвання; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй, а таксама пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 10, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Мацвей Іванавіч) (29.4.1793, С.-Пецярбург — 5.3.1886),
дзекабрыст. Падпалкоўнік у адстаўцы (з 1823). Брат С.І.Мураўёва-Апостала. З 1810 вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. З 1811 у арміі. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816), чл. управы «Саюза працвітання» (1818). Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (гл. Чарнігаўскага палка паўстанне). Прыгавораны да 20 гадоў катаргі, пазней тэрмін скарочаны да 15 гадоў. Паводле амністыі 1856 вернуты з Сібіры, да 1863 жыў у Цверы, потым у Маскве.
т. 11, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.
Засн. ў Гомелі ў 1991. У складзе комплексу Гомельскі каап. тэхнікум (з 1944) і Гомельскае каап. прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Навучэнцы комплексу паводле прынцыпу бесперапыннай падрыхтоўкі ў скарочаны тэрмін заканчваюць па профільных спецыяльнасцях вучылішча і тэхнікум. Тэхнікум рыхтуе тавараведаў-камерсантаў, бухгалтараў, эканамістаў-менеджэраў. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): камерц. дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне вытв-сцю. Прымае асоб з агульнай сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.
Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас. АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ РЭФО́РМЫ 1860—70-х г. у Расіі.
Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.А.Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сетка ваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен. навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.
т. 3, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІЛО́ВІЧ (Аляксандр Восіпавіч) (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),
дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.П.Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд. т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.
В.В.Швед.
т. 8, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНІТЭНЦЫЯ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ (ад лац. poenitentia раскаянне),
парадак і рэжым адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, устаноўлены ў некаторых дзяржавах. У 18 ст. ўзнікла пенсільванская П.с. (назва ад штата Пенсільванія, ЗША), для якой характэрна строгае адзіночнае зняволенне ў спалучэнні з рэліг. пакаяннем. З пач. 19 ст. выкарыстоўваецца обернская П.с. (склалася ў г. Оберн, ЗША), сутнасць якой у прадастаўленні зняволеным магчымасці працаваць пры поўнай ізаляцыі ва ўмовах строгага рэжыму. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін выкарыстоўваецца т.зв. прагрэсіўная П.с., якая прадугледжвае паэтапную змену ўмоў утрымання зняволеных ад суровых да больш льготных у залежнасці ад іх паводзін, у адпаведнасці з рашэннем адміністрацыі. Разнавіднасцю П.с. з’яўляюцца рэфарматорыі (узніклі ў ЗША) для асоб ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, тэрмін зняволення для якіх можа быць скарочаны або працягнуты.
У Рэспубліцы Беларусь П.с. ўключае турмы, калоніі рознага рэжыму і выхаваўчыя калоніі для непаўналетніх. Гл. Папраўча-працоўныя ўстановы.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)