СКА́РБНЫ, скарбнік,
службовая асоба ў феад. Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. С. ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. зберагаў скарб ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 — намеснік падскарбія земскага, вёў улік прыходу ў скарб грашовых сум. С. былі таксама ў ваяводствах і паветах, вялі перапіску па фінансавых пытаннях, складалі інвентары ўладанняў, якія падлягалі абкладанню падаткамі.
т. 14, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РБНІК,
службовая асоба ў феад. Польшчы і ВКЛ, гл. Скарбны.
т. 14, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРБ,
1) дзяржаўная ўстанова ВКЛ у 15—18 ст., якая адказвала за эканам. і фінансавае кіраванне. Мела ўласны штат, куды ўваходзілі падскарбі земскі, скарбны, скарбовыя пісары і дваране.
2) Сховішча дзярж. даходаў ВКЛ: даніны, чыншу, дзякла, мезлева, асадных пенязяў, судовых пошлін, якія паступалі да вял. князя (віны, перасуды), сярэбшчыны і інш. У С. зберагаліся таксама дзярж. рэгаліі («клейноты і аздобы»), арыгіналы агульназемскіх і абласных прывілеяў, міжнар. дагавораў і інш. Да 2-й пал. 17 ст. на захоўванні ў С. знаходзіліся арыгіналы кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. С. быў цэнтр. арсеналам ВКЛ.
А.І.Груша.
т. 14, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧЫ,
беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:
Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл. Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл. Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.
В.С.Пазднякоў.
т. 10, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)