СКА́РБНЫ, скарбнік,

службовая асоба ў феад. Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. С. ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. зберагаў скарб ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 — намеснік падскарбія земскага, вёў улік прыходу ў скарб грашовых сум. С. былі таксама ў ваяводствах і паветах, вялі перапіску па фінансавых пытаннях, складалі інвентары ўладанняў, якія падлягалі абкладанню падаткамі.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́РБНІК,

службовая асоба ў феад. Польшчы і ВКЛ, гл. Скарбны.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) дзяржаўная ўстанова ВКЛ у 15—18 ст., якая адказвала за эканам. і фінансавае кіраванне. Мела ўласны штат, куды ўваходзілі падскарбі земскі, скарбны, скарбовыя пісары і дваране.

2) Сховішча дзярж. даходаў ВКЛ: даніны, чыншу, дзякла, мезлева, асадных пенязяў, судовых пошлін, якія паступалі да вял. князя (віны, перасуды), сярэбшчыны і інш. У С. зберагаліся таксама дзярж. рэгаліі («клейноты і аздобы»), арыгіналы агульназемскіх і абласных прывілеяў, міжнар. дагавораў і інш. Да 2-й пал. 17 ст. на захоўванні ў С. знаходзіліся арыгіналы кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. С. быў цэнтр. арсеналам ВКЛ.

А.​І.​Груша.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМО́НІЧЫ,

беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:

Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл. Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.​Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл. Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)