Скандый 8/414, 415 (табл.); 9/243, 545

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́НДЫЙ (лац. Scandium),

Sc, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 21, ат. м. 44,95591, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе адзін стабільны нуклід ​45Sc. У зямной кары 1∙10​−3% па масе. Існаванне С. прадказана Дз.​І.​Мендзялеевым у 1870; адкрыты ў 1879 швед. хімікам Л.​Нільсанам, назва ад лац. Scandi(navia) па месцы адкрыцця.

Мяккі серабрысты метал з жоўтым адценнем, шчыльн. 3020 кг/м³, tпл 1541 °C, tкіп 2837 °C. Слабы парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай сесквіаксіду Sc2O3. Пры 200 °C акісляецца кіслародам. Узаемадзейнічае з растворамі салянай, сернай, азотнай кіслот, пры награванні з вадародам, азотам (утварае нітрыд ScN), галагенамі (трыгалагеніды). З металамі ўтварае цвёрдыя растворы і інтэрметаліды. Атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду ScF3 ці трыхларыду ScCI3 метал. кальцыем з наступнай перагонкай металу ў высокім вакууме. Выкарыстоўваюць С. як кампанент лёгкіх сплаваў з высокай трываласцю і каразійнай устойлівасцю, як гетэр, нейтронны фільтр у ядз. тэхніцы, Sc2O3 у вытв-сці ферытаў для элементаў памяці ЭВМ, штучных гранатаў, цвёрдых электралітаў (разам з дыаксідам цырконію) і інш.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Экабор, гл. Скандый

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДКАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

сям’я з 17 хім. элементаў ІН групы перыяд. сістэмы: скандый, ітрый, лантан і лантаноіды. У зямной кары трапляюцца даволі рэдка: найб. пашыраны цэрый (7∙10​−3% па масе), найменш — тулій (2,7∙10​−5%). З’яўляюцца прыроднымі спадарожнікамі тытану, цырконію, гафнію, ніобію, танталу, урану і некаторых інш. металаў. Найважн. мінералы — бастнезіт, манацыт, ксенатым. Першапачаткова вылучаны ў выглядзе нерастваральных аксідаў (устарэлая назва — землі; адсюль назва). У навук. л-ры Р э. абазначаюцца: РЗЭ і TR (ад лац. terra rara).

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)