МАРКС ((Marcks) Герхард) (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.

Літ.:

Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)