МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),

інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 мм і г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.

Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.

Гладкі мікрометр: 1 — скаба; 2 — пятка; 3 — мікраметрычны вінт; 4 — стопарнае прыстасаванне; 5 — сцябло; 6 — барабан; 7 — трашчотка.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУТРАМЕ́Р,

прылада, якой вымяраюць унутр. лінейныя памеры адтулін, пазоў і інш. ў дэталях і вырабах. Найпрасцейшыя Н. — цыркулі з загнутымі вонкі канцамі ножак (з’явіліся ў 16—17 ст.), гранічныя калібры (штыхмасы).

Для больш дакладных вымярэнняў існуюць Н. мікраметрычныя (гл. Мікрометр) са зменнымі падаўжальнікамі (межы вымярэнняў ад 50 да 2500 мм, з дадатковымі індыкатарамі гадзіннікавага тыпу — да 10 м), і індыкатарныя з рычажнымі і клінавымі перадачамі (3—1000 мм). Для малых адтулін выкарыстоўваюць Н. з конуснымі перадачамі (межы вымярэнняў ад 0,2 мм да 18 мм).

Нутрамеры: а — мікраметрычны (1 — мікраметрычная галоўка, 2 — вымяральны наканечнік, 3 — установачная скаба); б — шарыкавы індыкатарны (1 — адліковае прыстасаванне, 2 — вымяральная ўстаўка, 3 — іголка, 4 — вымяральны шарык).

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),

1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.

2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).

3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.

У.М.Сацута.

Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)