ЛАБІРЫНТЫ́Т, атыт унутраны,
запаленне ўнутранага вуха. Выклікаецца стрэптакокамі, менінгакокамі, мікабактэрыямі туберкулёзу, рознымі вірусамі і інш. Адрозніваюць Л. тымпанагенны (з сярэдняга вуха), менінгагенны (з мазгавых абалонак — пры менінгіце) і гематагенны; па распаўсюджанасці працэсу — абмежаваную і дыфузную формы, па характары запалення — серозны і гнойны. Характэрныя прыкметы: ністагм, галавакружэнне, млоснасць, ірвота, шум у вушах, парушэнні раўнавагі. Пры дыфузным гнойным Л. гэтыя з’явы выяўлены больш выразна, да поўнага выпадзення вестыбулярнай і слыхавой функцый вуха. Лячэнне кансерватыўнае і аперацыйнае.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІНІ́Т
(ад лац. vagina похва + ...іт),
кальпіт, запаленчы працэс сценак похвы. Прычына вагініту — парушэнні трофікі тканак похвы, абумоўленыя мясцовымі (хім., мех. пашкоджанні) і агульнымі (эндакрынныя расстройствы, інфекц. хваробы, хваробы абмену рэчываў) фактарамі. Найчасцей бывае серозны (гнойны) вагініт. Сімптомы і прыкметы: патаўшчэнне і пачырваненне слізістай абалонкі (магчымы эразійныя працэсы), выдзяленні з похвы, т-ра. Запаленне можа быць. другасным пры запаленчых працэсах маткі, прыдаткаў. Сенільны (узроставы) вагініт развіваецца ў перад- і пасляменструальны перыяды. Трыхаманіядны вагініт выклікаецца похвеннай трыхаманадай. Прыкметы: выдзяленні вадкія, жаўтаватага колеру, сверб, смыленне, прэласць скуры вонкавых палавых органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вагініт у жывёл бывае пры траўмах похвы, а таксама калі ў слізістую абалонку трапляюць хваробатворныя мікраарганізмы.
І.У.Дуда.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРСІ́Т
(ад лац. bursa сумка + ...іт),
запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).
т. 3, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́Т
[ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],
запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.
В.А.Быстрэнін.
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)