Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.
т. 5, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ЎРА (ад грэч. pleura рабро, бок, сценка),
серозная абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці наземных пазваночных і чалавека. Адрозніваюць унутраны, ці вісцэральны лісток П., які зрастаецца з тканкай лёгкага, і прысценны, або парыетальны, які высцілае знутры сценкі грудной поласці. У млекакормячых плеўральная (грудная) поласць поўнасцю адмежавана ад брушной дыяфрагмай і запоўнена серознай вадкасцю, якая памяншае трэнне лёгкіх пры дыханні. Запаленне П. выклікае плеўрыт.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШЫ́НА (peritoneum),
серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)