АСТУ́РЫЯС

(Asturias) Мігель Анхель (19.10.1899, г. Гватэмала — 9.6.1974),

гватэмальскі пісьменнік. У 1925—33 і з 1954 у эміграцыі. У 1945—70 на дыпламат. рабоце. Аўтар кн. «Легенды Гватэмалы» (1930), раманаў «Сеньёр Прэзідэнт» (1946, пра лац.-амер. дыктатуру), «Маісавыя людзі» (1949, сутыкненне гарманічнага свету індзейцаў з чужым светам паўн.-амер. цывілізацыі). У трылогіі «Моцны вецер» (1950), «Зялёны Тата» (1954), «Вочы пахаваных» (1960) панарама жыцця Гватэмалы 20 ст. Аўтар раманаў «Мулатка як мулатка» (1968), «Перадвелікодная пятніца» (1972), зб. апавяд. «Уік-энд у Гватэмале» (1956), кн. легендаў «Люстэрка Ліды Саль» (1967) і інш. Нобелеўская прэмія 1967.

Тв.:

El espejo de Zida sal y otros relatos. La Habana, 1988;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Маисовые люди;

Ураган. М., 1985.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ

(Goldoni) Карла (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.; М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.; М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.В.Логіш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)