СЕЛІ́Н (Céline; сапр. Дэтуш; Destouches) Луі Фердынанд

(27.5.1894, г. Аньер, Францыя — 2.7.1961),

французскі пісьменнік. Па адукацыі ўрач. Вядомасць набыў раманамі «Падарожжа на край ночы» (1932) і «Смерць у крэдыт» (1936), у якіх у форме канкрэтна-апісальнай «плыні свядомасці» адлюстраваў страх і жах тагачаснага існавання. У памфлетах 1936—41, у т. л. «Mea culpa» (лат. «Мая віна», 1936), прапаведаваў нацызм, культ. сілы. У рамане «Марыянеткі» (1944), запісках «Феерыя для іншага выпадку» (1952), аўтабіягр. хроніках «З замка ў замак» (1957) і «Поўнач» (1960) адкрытая да цынізму («лірызм паскуднасці») нянавісць да сучасніка, успрыняцце жыцця як спрадвечнай агоніі.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествие на край ночи. Харьков;

М., 1999;

Из замка в замок. Харьков;

М., 1999;

Смерть в кредит. Харьков;

М., 1999.

Літ.:

Шкунаева И.Д. Современная французская литература. М., 1961.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мадлен Селін (сорт вінаграду) 3/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс. км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш. град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.

Такыр у Каракумах.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)