КІЛЬЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 17.8.1955, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі, селекцыі і біятэхналогіі раслін. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-рбіял.н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1977) і працуе ў ёй (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы колькасных адзнак і гетэрозісу, узаемадзеянні генатыпу і асяроддзя, выкарыстанні метадаў біятэхналогіі ў селекцыі і насенняводстве.
Тв.:
Биометрия в генетике и селекции растений. М., 1992 (разам з А.У.Сміраевым, С.П.Мартынавым);
Экологическая селекция растений. Мн., 1997 (разам з Л.У.Хатылёвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НЕНКА (Павел Панцеляймонавіч) (96.1901, станіца Іванаўская Краснадарскага краю, Расія — 13.6.1973),
расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад.АНСССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1948). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1971). Скончыў Кубанскі с.-г.ін-т (1926). З 1956 у Краснадарскім НДІ сельскай гаспадаркі. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар 15 раянаваных сартоў азімай пшаніцы. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Селекция продуктивных и устойчивых к полеганию сортов озимой пшеницы // Генетика — сельскому хозяйству. М., 1963;
Итоги селекции озимой пшеницы на Кубани // Достижения отечественной селекции. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЛУ́МАЎ (Авядзікт Лук’янавіч) (12.12.1896, г. Сімферопаль, Украіна — 30.9.1972),
расійскі біёлаг-селекцыянер. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Варонежскі с.-г.ін-т (1923, Расія). З 1922 ва Усерас.НДІцукр. буракоў і цукру (Варонежская вобл.). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы цукр. буракоў. Вывеў 52 сарты і гібрыды цукр. буракоў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Ленінская прэмія 1965.
Тв.:
Селекция сахарной свеклы. М., 1950;
Методы селекции, создание высокопродуктивных сортов и гибридов сахарной свеклы и их внедрение в производство // Тр. Всесоюз. НИИ сахарной свеклы. 1965. Т. 2, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (30.6.1911, г. Растоў, Расія — 8.8.1969),
бел. вучоны-генетык і селекцыянер. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-рс.-г.н. (1959), праф. (1960). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1934). У 1948—61 заг. кафедры пладаводства БСГА, з 1961 заг. аддзела радыяцыйнай генетыкі Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1962 у Бел. ун-це. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве садова-агародных культур, дыферэнцыйнай сістэматыцы раслін. Вывеў некалькі сартоў памідораў.
Тв.:
Частная селекция овощных культур. Мн., 1965;
Овощные растения земного шара. Мн., 1966;
Помология БССР Атлас плодов яблони. Мн., 1972 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІН (Мікалай Дзмітрыевіч) (15.2.1907, с. Арэфіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1996),
бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-рс.-г.н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1967), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Бел.с.-г.ін-т (1935). З 1949 дырэктар Бел.дзярж. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел.НДІ земляробства (заг. аддзела, у 1961—78 нам. дырэктара), адначасова ў 1971—78 кіраўнік Зах. селекцыйнага цэнтра па збожжавых культурах. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар многіх сартоў азімага жыта, яравых пшаніцы і ячменю, грэчкі, чырв. канюшыны.
Тв.:
Селекция и семеноводство зерновых культур в Белоруссии // Достижения отечественной селекции. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬСМІК (Пётр Іванавіч) (27.2.1907, в. Выдрэя Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 2.4.1992),
бел. селекцыянер-бульбавод. Акад.АН Беларусі (1966), акад. УАСГНІЛ (1979). Чл.-кар. Акадэміі с.-г.н. ГДР (1974). Д-рс.-г.н. (1954). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў БСГА (1929). З 1929 на Навазыбкаўскай с.-г. доследнай станцыі, у 1931—41 і 1944—56 на Бел. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Навук. працы па селекцыі гароднінных культур. Распрацаваў прыёмы селекцыі бульбы на ранняспеласць, высокія крухмалістасць і колькасць бялкоў у клубнях, устойлівасць да раку. Вывеў больш за 10 высокаўраджайных, з добрымі смакавымі якасцямі і вял. (да 26%) колькасцю крухмалу сартоў бульбы: Агранамічную, Тэмп, Лошыцкую, Разварыстую і інш.Дзярж. прэміі СССР 1951, 1974. Залаты медаль імя І.У.Мічурына УАСГНІЛ (1980).
Тв.:
Селекция картофеля в Белоруссии. Мн., 1979.
Літ.:
П.І.Альсмік // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1977. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКАЯ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 2.10.1934, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-рбіял.н. (1987). Скончыла БДУ (1958). З 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1993 гал.навук. супрацоўнік). Навук. працы па распрацоўцы тэарэт. асноў рэкурэнтнага (перыядычнага) адбору, выкарыстанні біятэхнал. метадаў эмбрыякультуры і культуры пыльнікаў in vitro для стварэння новых генет. крыніц трыцікале на аснове міжвідавых і міжродавых скрыжаванняў, вывучэнні заканамернасцей наследавання гаспадарча-каштоўных прыкмет у атрыманых формах раслін, а таксама экспрэсіі генаў у новым генет. асяроддзі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Периодический отбор в селекции растений Мн., 1976 (разам з М.В.Турбіным, Л.У.Хатылёвай);
Инбридиш у сельскохозяйственных растений. Мн., 1980 (у сааўт.);
Рекуррентная селекция. Мн., 1985;
Создание новых генетических источников тритикале на основе рекомбиногенеза в системе геномнозамещенных форм, линий пшеницы с различной комбинацией Vm генов и гомозиготизации в культуре in vitro (у сааўт.) // Генетические основы селекции сельскохозяйственных растений. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́Х (Pisum),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.
Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.
Літ.:
Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;
Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́БРАК (Антон Раманавіч) (27.12.1901, в. Збляны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.5.1965),
бел. генетык і селекцыянер. Акад.АН Беларусі (1940), д-рбіял.н., праф. (1936). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1925), Ін-тчырв. прафесуры (1929). У 1930—31 стажыраваўся ў ЗША. У 1934—48 заг. кафедры Маскоўскай с.-г. акадэміі. У 1940—47 чл. Прэзідыума АН Беларусі. У сак. 1945 прадстаўнік Беларусі ў рабоце Усеславянскага сабора ў Сафіі, чл. дэлегацыі БССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска (ЗША), дзе з інш. ўдзельнікамі 26.6.1945 падпісаў Статут ААН. У 1947 прэзідэнт АН Беларусі. 16.10.1947 зняты з пасады прэзідэнта. Фармальнай падставай для гэтага паслужыла публікацыя Ж. ў амер. штотыднёвіку «Science» («Навука»), у якой ён выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі Т.Дз.Лысенкі. З 1949 заг. кафедры Маскоўскага фармацэўтычнага ін-та. У 1953—65 кіраваў работамі па эксперым. поліплаідыі ў Ін-це біялогіі, з 1963 у Аддзеле генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па гібрыдызацыі, поліплаідыі і імунітэце раслін, філагеніі і біял. асновах селекцыі пшаніцы і грэчкі. Атрымаў гібрыдныя пладавітыя формы ад скрыжавання шэрагу відаў пшаніцы.
Тв.:
Полиплоидные виды пшениц. М., 1957;
Курс ботаники. М., 1959.
Літ.:
Хотылева Л.В. А.Р.Жебрак // Полиплоидия и селекция. Мн., 1972.