ІНФІНІТЫ́Ў (ад лац. infinitivus няпэўны),

неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн. ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).

Літ.:

Гл. пры арт. Дзеяслоў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.​С.​Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.

І.​А.​Марзалюк.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)