ВАЙНІЛО́ВІЧЫ,
шляхецкі род уласнага герба («Сыракомля» змененая) у ВКЛ. Паводле некаторых крыніц, заснавальнікам роду быў Вайніла (канец 14 ст.). Мелі зямельныя ўладанні ў Мазырскім (лінія савіцка-пузаўская, 17 ст.), Пінскім (лінія макранская, 19 ст.), Навагрудскім (лінія нянькаўская, 19 ст.) пав. Найб. вядомыя:
Траян, падчашы мсціслаўскі (1648); Леў Казімір, падчашы слонімскі (1648); Людвік, стольнік мазырскі (1661); Тамаш, сакратар каралеўскі, харужы ваўкавыскі, сеймавы пасол (1662); Габрыэль, староста літунскі (1667), стольнік навагрудскі; Станіслаў, мечнік лідскі; Крыштоф (1649—?), падчашы, стольнік мазырскі (1688); Францішак, падчашы мазырскі; Ян, падваявода навагрудскі; Павел, падчашы слонімскі; Себасцьян, стольнік мазырскі; Тамаш, падстолі навагрудскі; Стафан, падстолі слонімскі; Адам, канюшы навагрудскі, падкаморы, сеймавы пасол; Ян, падкаморы слуцкі; Антоні (1773—1885), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Тадэвуш (1804—78), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Мікалай, доктар тэалогіі; Юзаф, маршалак шляхты Навагрудскага пав.; Юзаф, маршалак шляхты Слуцкага пав. (1863—75); Ксаверый Эдвард (псеўд. Яцак Бурчымуха), паэт, перакладчык твораў А.С.Пушкіна на польск. мову; Антон Станіслававіч, гл. Вайніловіч А.С.; Восіп Мікалаевіч, гл. Вайніловіч В.М.; Эдвард Адам, гл. Вайніловіч Э.А.
Р.В.Баравы, Л.Л.Чарняўская.
т. 3, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ,
агульная назва ў ВКЛ заканад. актаў, кодэксаў права, распарадчых і суд. дакументаў, прыватнаправавых актаў, пасланняў і інш. Вядомы: Л. ваенны — прадпісанне шляхце на мабілізацыю; Л. вываланы — дакумент аб пазбаўленні пэўнай асобы грамадзянскіх правоў і выгнанні з краіны; Л. глейтоўны — дакумент пра адтэрміноўку выканання суд. прыгавору да разгляду справы ў велікакняжацкім судзе; Л. жалезны — дакумент пра адтэрміноўку выплаты даўгоў або прыцягнення да суд. адказнасці за даўгі; Л. заручны — пісьмовая гарантыя аховы жыцця, здароўя і маёмасці адной асобы ад замахаў другой; Л. сеймавы — распараджэнне пра скліканне сейма, сеймікаў, а таксама паведамленне аб прынятых на сейме рашэннях і інш.
т. 9, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш. Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал. літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл. Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл. Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл. Ваньковіч М.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАК,
пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст. наз. земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т.л. Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 10, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)