Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦУ́ АКСІ́ДЫ,
злучэнні свінцу з кіслародам. Найб. пашыраныя С.а.: аксід PbO, дыаксід PbO2, ортаплюмбат (IV) свінцу(II) Pb3O4, ці свінцовы сурык.
Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Аксід PbO існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях — чырвонай (α-PbO, мінерал глёт) і жоўтай (β-PbO, мінерал масікот); т-ра паліморфнага ператварэння (α→β) 587 °C. Атрымліваюць PbO акісленнем расплаву свінцу кіслародам паветра, а таксама тэрмічным раскладаннем гідраксіду Pb(OH)2) і карбанату ці нітрату свінцу (II). Выкарыстоўваюць у вытв-сці сурыку і інш. злучэнняў свінцу, свінцовых шкла (хрусталь, флантглас) і палівы. Дыаксід PbO2 — рэчыва цёмна-рудога колеру. Моцны акісляльнік; пры расціранні з серай або чырвоным фосфарам загараецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем Pb3O4 з канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для запаўнення ячэек пласцін свінцовых акумулятараў, як акісляльнік (напр., кампанент галовак запалак). Свінцовы сурык Pb3O4 — рэчыва чырв. колеру, атрымліваюць пры награванні PbO да 400—500 °C у акісляльным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як пігмент для антыкаразійных фарбаў і замазку ў свінцовых акумулятарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕВІКІ́,
усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,
прадпрыемства гатунковага шклянога посуду і высокамастацкіх вырабаў. Засн. ў 1756 А.Мальцовым у г. Гусь-Хрустальны (Расія, б.з-д А.Мальцова); тут упершыню ў Расіі пачалі вырабляць хрусталь. Асн. прадукцыя канца 19 — пач. 20 ст. — вырабы з бясколернага і каляровага шкла (з размалёўкай і залачэннем), хрусталю (з алмазнай гранню і гравіроўкай), вазы з 2—3-слойнага хрусталю) з траўленнем, 1950-х г. — выдзіманыя шклянкі для гарбаты і віна, 1960-х г. — свінцовы хрусталь. На з-дзе ствараюць розныя віды хрусталёвых вырабаў — сувеніры, дэкар. кампазіцыі і інш.
Да арт.Гусеўскі хрусталёвы завод. Я.Рогаў. Дэкаратыўны набор. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда), свінцовы блішчак,
мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
від стралковай зброі, у якой куля з канала ствала выштурхоўваецца сілай ціску сціснутага паветра ці інш. газу (найчасцей вуглякіслага).
Паводле спосабаў стварэння павышанага ціску П.з. падзяляецца на: спружынна-поршневую з аднаразовым, шматразовым і папярэднім напампоўваннем і пнеўмабалонную. Кулі чашападобныя (свінцовыя) і круглыя (свінцовы шрот і метал. шарыкі), калібр 4,5, 5,0, 5,6 і 6,0 мм; далёкасць палёту кулі да 400 м, пач. скорасць -300 м/с. У Еўропе вядомая з 1430. Сучасную П.з. звычайна вырабляюць у выглядзе дакладных копій пашыраных баявых вінтовак, пісталетаў, рэвальвераў і нават пісталетаў-кулямётаў. Выкарыстоўваюць для навучання стральбе, палявання на дробную дзічыну (эфектыўная далёкасць стральбы каля 40 м), падводнага палявання. Гл. таксама Паляўнічая зброя.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Пнеўматычная зброя: а — сістэмы пнеўматычнай зброі (1 — спружынна-поршневая з бакавым рычагом узводу; 2 — спружынна-поршневая з падствольным рычагом узводу; 3 — адна- і шматразовага напампоўвання; 4 — папярэдняга напампоўвання са зменнымі паветранымі балонамі); б — пнеўматыкі-імітатары баявой зброі (1 — пнеўмабалонны пісталет, ЗША; 2 — шасцізарадная пнеўмабалонная вінтоўка, Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія), ядзерная геалогія,
навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.І.Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану 238U, 235U, торыю 232Th, калію 40K, кальцыю 48Ca, рубідыю 87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій 4He, ксенон 136Xe, свінец 204, 206, 208Pb, вісмут 210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТАКО́Ў Сяргей Венядзіктавіч (н. 26.3.1908, г. Омск, Расія),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Друкуецца з 1934. Першы зб. апавяданняў — «Аляксей Худаногаў» (1945). Асваенне прыродных багаццяў Сібіры, прац. подзвігі людзей у аповесці «Каменны фундамент» (1938—49), раманах «Ледзяны скарб» (1961—62), «Філасофскі камень» (кн. 1—2, 1966—71), трылогіі «Барбінскія аповесці» («Горны вецер», 1957; «Не аддавай каралеву», 1960; «Павольны гавот», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1970) і інш. У рамане «Хрыбты Саянскія» (кн. 1—3, 1940—48, канчатковая рэд. 1954—55) працэс фарміравання рабочага класа Сібіры, яго ўдзел у рэвалюцыі 1905. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Над чыстым лістом» (1978), аповесцей для дзяцей «Па Чунскіх парогах» (1946), «Плыт ідзе на Поўнач» (1949), раманаў «Свінцовы манумент» (1980), «Вечная песня — калыханка» (1983), зб-каў апавяд. «Садок пад вокнамі» (1959), «Першая сустрэча» (1967), п’ес і інш. Асобныя яго апавяданні на бел. мову пераклалі А.Жук, Л.Салавей, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРА́Н (ад франц. écran заслона, шырма),
прыстасаванне з паверхняй, якая пераўтварае, адбівае ці паглынае выпрамяненне розных відаў энергіі для выкарыстання гэтых выпрамяненняў або аховы ад іх уздзеяння (гл.Экранаванне). 1) Э. топачны — радыяцыйная паверхня нагрэву катла, уключаная ў агульную сістэму цыркуляцыі вады, якая ўспрымае цеплату гарэння паліва і топачных газаў. Ахоўвае сценкі топачнай камеры ад шлакавання і разбурэння пад уздзеяннем цеплавога выпрамянення і змяншае т-ру газаў, што выходзяць з топкі.
2) Э. электронна-прамянёвай прылады (ЭПП) — слой люмінафору ці інш. рэчыва на ўнутр. паверхні балона ЭПП, на якім у выніку пераўтварэння энергіі электроннага пучка ў светлавую ствараецца бачны відарыс. Выкарыстоўваецца ў кінескопах, электронна-прамянёвых трубках, індыкатарах і інш. ЭПП.
3) Э. рэнтгенаўскай устаноўкі — прыстасаванне, якое пераўтварае рэнтгенаўскія прамяні ў бачны відарыс (флуарэсцэнтны Э.) або ахоўвае ад шкоднага ўздзеяння гэтых прамянёў (свінцовы Э.).
4) Э. светлавы — прыстасаванне, якое адбівае светлавыя прамяні, што ўтвараюць на ім аптычны відарыс (напр., кінаэкран).
5) Э. плаціны — проціфільтрацыйны слой, размешчаны на верхнім адкосе грунтавой ці каменна-земляной плаціны. Гл. таксама Геліяканцэнтратар, Экранаплан.