Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл.Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл.Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ВО́ЛЯ,
вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Івацэвічы—Целяханы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 169 км ад Брэста. 567 ж., 270 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1992). Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядома з 17 ст. як вёска ў Пінскім пав.; належала Дольскім, Вішнявецкім, Агінскім. 23.11.1724 кароль Аўгуст II надаў вёсцы правы мястэчка. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці, 448 ж., 44 двары, школа, царква. У 1920—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 615 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Целяханскім р-не Пінскай, з 1954 — Брэсцкай вобл., у 1959—62 і з 1965 у Івацэвіцкім р-не, у 1962—65 у Бярозаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЖУХ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.3.1953, г. Драгічын Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1972), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Творчасць адметная кампазіцыйнай завершанасцю, метафарычнасцю мыслення, філасафічнасцю, абагульненасцю вобразаў: серыя «Чарнобыльская хроніка», «Святая зямля», «Сон. Сом», «Снеданне на траве», «Светлыя дні восені», «Купалле», «Флора-пастушка», «Настальгія», «Чорны раяль у экстэр’еры», «Тры грацыі», «Чай з лімонам», «Дама ў чорным на зялёным», «Дзяўчынка і лета» (усе 1990—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦЭ (Іон Панцялеевіч) (н. 3.9.1928, с. Харадыштэ Дандзюшанскага р-на, Малдова),
малдаўскі пісьменнік, драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Піша на малд. і рус. мовах. Друкуецца з 1951. Аўтар кніг апавяданняў «У нас на сяле» (1953), «Арэхавы шэпт» (1968), аповесцей «Лісце суму» (1957), «Апошні месяц восені» (1963, аднайм. кінафільм 1966), «Вяртанне на кругі свае» (1972), раманаў «Цяжар нашай дабрыні» (1963—68), «Белая царква» (1982), п’ес «Каса марэ» (1960), «Дойна» (1971), «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Святая святых» (1976) і інш., адметных паглыбленым псіхалагізмам, мяккім лірызмам, рамант. прыўзнятасцю, яркім нац. каларытам. Творы Д. на бел. мову перакладалі Я.Брыль, М.Гіль, К.Кірэенка, А.Шарахоўская. У тэатрах Беларусі пастаўлены яго п’есы «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Каса марэ» (1976), «Святая святых» (1977), «Імем зямлі і сонца» (1979). Дзярж. прэмія Малдовы 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧ ((Andrycz) Ніна) (н. 11.11.1915, Брэст),
польская актрыса. Скончыла Ін-ттэатр. мастацтва ў Варшаве (1935). Працуе ў варшаўскім «Тэатры Польскім». Яркі тэмперамент актрысы найб. поўна раскрыўся ў ролях рамант. рэпертуару. Яе мастацтву ўласцівыя тонкасць псіхал. аналізу, трагічная глыбіня вобразаў; лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Жанна («Святая Іаанна» Б.Шоу), Хімена і Ізабэла Лэнцкая («Лялька» паводле Б.Пруса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЖАРЫЦКАЕ БАЛО́ТА,
на ПдЗ Лепельскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы р. Бярэзіна. Вярховага, нізіннага, пераходнага і мяшанага тыпаў. Асобныя ўрочышчы на балоце маюць назвы Вокны, Глухая Быкаўка, Жылая Быкаўка, Святая Лука, Доўгі Востраў, Казіны Пераскок, Конскае, Паўлава, Шэры Востраў і інш.Пл. 10,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 9,4 тыс.га. Глыб. торфу да 6,9 м, сярэдняя 2,4 м. Балота ў натуральным стане, з’яўляецца ч.Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Занята лесам з хвоі і бярозы. На Пд пераважаюць асокі і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя грады з ялова-шыракалістым лесам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ,
агітацыйна-прапагандысцкі т-р мініяцюр у Мінску. Існаваў у 1921—22. Арганізатары Е.Міровіч і У.Базілеўскі. Ставіліся агітацыйныя п’есы на вытв. тэмы, мініяцюры, аднаактоўкі на тэмы маралі, прыпеўкі на надзённыя тэмы. Для паказаў выкарыстоўвалася форма спектакляў-судоў, спектакляў-дыспутаў. Папулярным быў і танцавальна-пантамімічны жанр. Міровіч для тэатра напісаў мініяцюры «Ордэр жыладдзела», «Агідныя тыпы». Пастаўлены сатыр. мініяцюры «Полька», «Разруха», «Цвічок», «Лялькі», «Святая тройца», «Рэпка», «Мужычок». У іх высмейваліся спекулянты, сабатажнікі, гультаі і інш. Паказы адбываліся ў Чырвонай зале.