НО́ВІКАЎ (Іван Аляксеевіч) (13.1.1877, в. Ількова Арлоўскай вобл., Расія — 10.1.1959),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1901). Друкаваўся з 1899. У раманах «Залатыя крыжы» (1908), «Паміж дзвюх зор» (1915), аповесцях, апавяданнях, п’есах — ідэйныя пошукі рус. інтэлігенцыі пач. 20 ст., тэма ідэальнага кахання. Найб. значныя творы — раманы «Пушкін у Міхайлаўскім» (1936) і «Пушкін на поўдні» (1943), пазней аб’яднаныя ў кн. «Пушкін у выгнанні» (1947). Аўтар гіст.-літ. даследаванняў «Слова пра паход Ігаравы» і яго аўтар» (1938), «Пушкін і «Слова пра паход Ігаравы» (1951), «Пісьменнік і яго творчасць» (1956). Пісаў вершы (зб-кі «Духу святому», 1908; «Пад родным небам», 1956), гіст. аповесці ў вершах («Народная памяць», 1946), кінасцэнарыі, творы для дзяцей. Майстар псіхал. партрэта, маляўнічага пейзажа, тонкі лірык. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў М.​Татур.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1966—67;

Возлюбленная — Земля: Повести и рассказы. М., 1989;

Между двух зорь: (Дом Орембовских);

Страна Лекхорн. М., 1991.

Літ.:

Волков Я.В. Светлый талант. Орел, 1961.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ-ПРЫБО́Й (сапр. Новікаў) Аляксей Сілыч

(24.3.1877, с. Мацвееўскае Сасаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.4.1944),

рускі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце (1899—1906), у руска-яп. вайну 1904—05 удзельнічаў у Цусімскай бітве. У 1908—13 паліт. эмігрант. Друкаваўся з 1906. У зб. «Марскія апавяданні» (у 1914 канфіскаваны, выд. 1917) пра жыццё матросаў рас. флоту, драм. калізіі, матывы сац. пратэсту. Рамантычныя адносіны да мора, жанчыны ў аповесцях «Мора кліча» (1919), «Падводнікі» (1923), «Жанчына ў моры» (1926) і інш. На асабістых уражаннях, сведчаннях удзельнікаў і дакументах заснавана гіст. эпапея «Цусіма» (ч. 1—2, 1932—35; 4-я рэд. 1940; Дзярж. прэмія СССР 1941). Аўтар раманаў «Салёная купель» (1929), «Капітан 1-га рангу» (незавершаны, кн. 1—2, 1942—44; экранізацыя 1958), аповесцей «Ухабы» (1927), «Уцёкі» (1931), зб-каў апавяданняў «Дзве душы» (1919), «Смерч» (1933) і інш. Сябраваў з Я.​Купалам. Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі С.​Дарожны, Л.​Маракоў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1963;

Повести и рассказы. М., 1988;

Цусима. Т. 1—2. М., 1993—94;

Бел. пер. — На падводнай лодцы. Мн., 1928;

Зуб за зуб. Мн., 1929;

Сапсаваны. Мн., 1930;

У бухце «Атрада». Мн., 1930;

Па-цёмнаму. Мн., 1931;

Марскі пажар. Мн., 1932;

Жанчына ў моры. Мн., 1936;

Цусіма. Кн. 1—2. 2 выд. Мн., 1937.

Літ.:

Перегудов А. Светлый день: Повесть о писателе и друге. М., 1977;

А.​С.​Новиков-Прибой в воспоминаниях современников. М., 1980.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)