Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКУТУ́Н, Рэкут, Рокут,
ручай у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 20 км. Вадазбор раўнінны (пл. 112 км²). Пачынаецца за 2 км на У ад в. Ямнае, вусце за 1 км на З ад в.Свержань. Рэчышча на працягу 14 км (200 м ніжэй аўтадарогі Ямнае — Карма да аўтадарогі Рагачоў — Доўск) каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РЖАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да кастр. 1942 у в.Свержань Журавіцкага (цяпер Рагачоўскага) р-на Гомельскай вобл. (кіраўнік Т.Ф.Карніенка). Падпольшчыкі збіралі зброю, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, зрывалі ням. фашыстам вываз насельніцтва, хлеба, жывёлы ў Германію, праводзілі дыверсіі, дапамагалі стварэнню падп. груп у суседніх вёсках. Падполле падрыхтавала базу для разгортвання партыз. руху ў раёне і ў кастр. 1942 улілося ў 10-ю Журавіцкую партыз. брыгаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РЖАНСКАЯ ФАЯ́НСАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1742—60 у мяст.Новы Свержань Навагрудскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Заснаваў уладальнік мястэчка кн. М.Радзівіл. Працавала больш за 50 чал. Выраблялі пераважна сталовы і аптэчны посуд, а таксама дэкар. куфэркі, шкатулкі, літургічны посуд, фігуры святых да алтароў, бюсты стараж. філосафаў для інтэр’ера б-кі Радзівілаў у Нясвіжскім замку, фаянсавыя белыя і зялёныя пячныя пліткі і інш. Традыцыі зах.-еўрап. (саксонскага) фаянсу набылі тут характэрную мясц. інтэрпрэтацыю; у вырабах адчуваецца ўплыў позняга барока. Узораў С.ф.м. захавалася мала.
Я.М.Сахута.
Талерка, зробленая на Свержанскай фаянсавай мануфактуры.