спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).
М.Ф.Раманюк.
Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,
горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.
Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).
Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЯ́НЫ,
горная краіна ў Паўд. Сібіры ў Расіі. Распасціраецца ад Усх. Алтая, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау на З амаль да воз. Байкал на У. Складаецца з шматлікіх хрыбтоў, якія ўтвараюць выгнутую на Пн дугу. Паміж хрыбтамі замкнёныя катлавіны. Найвыш. пункт г. Мунку-Сардык (3491 м). У араграфічных адносінах падзяляюцца на 2 горныя сістэмы: Заходні Саян і Усходні Саян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНКУ́-САРДЫ́К,
найбольш высокі горны масіў ва Усх. Саяне, у Бураціі (Расія). Выш. да 3491 м (найвыш. пункт Саян). Складзены з гранітаў. У рачных далінах да выш. 2000 м трапляюцца лясы, вышэй на схілах — альпійскія лугі, горныя тундры і камяністыя россыпы. Ледавікі (агульная пл. каля 1,3 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.