Сафізм 6/239; 8/104; 9/375, 376

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),

лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.​Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́СТЫКА,

1) кірунак у стараж.-грэч. філасофіі, створаны сафістамі ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. 2) Абгрунтаванне пэўных сцвярджэнняў пры дапамозе меркаванняў (вывадаў, доказаў), фармальна правільных, а па змесце несапраўдных (гл. Сафізм). Вызначаецца абсалютызацыяй адноснасці і супярэчлівасці працэсу пазнання. Арыстоцель лічыў С. ўяўнай, а не сапраўднай мудрасцю. Сафістычныя пабудовы характарызуюцца наўмысным выкарыстаннем лагічных памылак (падмена паняццяў, ужыванне мнагазначных тэрмінаў) з мэтай увядзення ў зман. С. з’яўляецца вынікам свядомага некарэктнага выкарыстання лагічных і семантычных правіл і аперацый і прыводзіць да страты мысленнем канкрэтнасці, акрэсленасці і суб’ектыўнага ўжывання «гібкасці паняццяў».

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл. Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл. Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.​Бэканам і Дж.​Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)