Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«САТУ́РН»
(Saturn),
серыя амер.ракет-носьбітаў (РН), створаных у 1964—67 па праграме «Апалон».
«С.-1» — эксперым. 2-ступеньчатая РН. «С.-1В» — 2-ступеньчатая РН, прызначаная для запуску на каляземную арбіту непілатуемых і пілатуемых касм. караблёў (КК) «Апалон». «С.-5» — 3-ступеньчатая РН для запуску пілатуемых КК «Апалон» на калямесяцавую арбіту, уключаючы высадку касманаўтаў на Месяц. Стартавая маса (разам з КК) да 2950 т. Даўжыня (з карысным грузам і сістэмай аварыйнага выратавання) 110,7 м, дыяметр (без стабілізатараў) 10,1 м. Макс. маса грузу, выведзенага на каляземную арбіту, 142,5 т. У 1967—73 здзейснена 13 пускаў «С.-5» (12 з КК «Апалон» і 1 з арбітальнай станцыяй «Скайлэб»), Запускаюцца з касмадрома на мысе Канаверал.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт. «Сатурн». а — запуск 3-ступеньчатай ракеты-носьбіта «Сатурн-5»; 1 — момант старту, 1-я ступень уключаецца на поўную магутнасць; 2—1-я ступень выгарае і адпадае; 3—2-я ступень выгарае і адпадае; 4—3-я ступень выносіць карысны груз у касмічную прастору; б — агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТУ́РН,
адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТУ́РН,
планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд.км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙1026кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр.магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́МАС,
спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр каля 390 км. Адлегласць ад Сатурна 186 тыс.км. Сідэрычны перыяд абарачэння 22 гадз 36,5 мін. Адкрыты У.Гершэлем (1789).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЫЁН,
спадарожнік планеты Сатурн. Адлегласць ад Сатурна 1,48 млн.км, найб. папярочнік каля 350 км, сідэрычны перыяд абарачэння 21,28 сут. Адкрыты Дж.Ф.Бондам (1848, ЗША).