НЫ́РКІ,

парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн. нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.

А.​С.​Леанцюк.

Нырка (падоўжны разрэз); 1 — коркавае рэчыва; 2 — сасочак; 3 — чашачка; 4 — лаханка; 5 — слуп; 6 — піраміда; 7 — нырачная артэрыя; 8 — мачаточнік.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСЫ́,

рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)