Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАДО́НТЫ [Mastodontidae ад грэч. mastos грудзі, сасок + odus (odontos) зуб],
сямейства выкапнёвых млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з позняга палеагену—неагену (каля 30 млн. гадоў назад) у Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. Каля 15 відаў. Жылі ў лясах, лесастэпах, на балотах.
Выш. ў карку да 3,2 м. Адрозніваюць М. бугорыстазубых (зубы складаліся з асобных саскападобных бугаркоў — адсюль назва) і М. грэбенязубых (бугаркі зубоў утваралі папярочныя грабяні). Разцы ў выглядзе доўгіх іклаў (біўні) па адной пары ў верхняй 1 ніжняй сківіцах або 1 пара ў верхняй сківіцы. Расліннаедныя. Ад грэбенязубых М. паходзяць сланы. Па рэштках М. вызначаецца ўзрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАПАТЫ́Я (ад грэч. mastos грудзі, сасок + pathos пакута, хвароба),
паталагічны стан малочнай залозы ў жанчын; шэраг гіперпластычных змен у тканках малочнай залозы пад уплывам гарманальных парушэнняў; перадракавы працэс. Найчасцей узнікае ва ўзросце 40—50 гадоў (у 30—40%), асабліва ў жанчын з парушэннямі функцый яечнікаў, хваробамі шчытападобнай залозы і інш. хваробамі. Адрозніваюць дыфузную і вузлавую формы. Дыфузная пашкоджвае частку ці ўсю залозу, або абедзве залозы. Сімптомы: балючасць, парушэнне і зацвярдзенне тканак, асабліва перад менструацыяй. Вузлавая форма лакальнага характару ў выглядзе адзінкавых ці некалькіх вузлоў з выразнымі контурамі, пры прашчупванні вузлоў балючасць. Лячэнне тэрапеўт., пры прагрэсіраванні аператыўнае (асабліва вузлавых форм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА,
орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.