Сарокі (в.) 9/365; 11/381 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКІ́-САРО́КІ (Haematopus),

птушкі роду сяўцовых атр. сеўцападобных. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўн. Амерыкі. 4 віды. Пашыраны спарадычна па берагах мораў, унутр. вадаёмаў. На Беларусі трапляецца К.-с. звычайны (H. ostralegus). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП — 1 від і 1 падвід.

Даўж. да 43 см, маса да 500 г. Кормяцца малюскамі, дробнымі ракападобнымі, чарвямі, насякомымі, зрэдку дробнай рыбай. Нясуць 2—4 яйцы.

Кулік-сарока звычайны.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ТАВА (Кіра Георгіеўна) (н. 5.11.1934, г. Сарокі, Малдова),

расійскі кінарэжысёр. Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). Яе рэжысёрская стылістыка эвалюцыяніравала ад тонкага лірызму ранніх фільмаў да ўсё больш жорсткай манеры, заснаванай на іранічнай адхіленасці і гратэскнай дэфармацыі: «Кароткія сустрэчы» (1968), «Доўгія провады» (1971, выйшаў на экран у 1987), «Калі пазнаеш белы свет» (1980), «Сярод шэрых камянёў» (1983), «Перамена долі» (1988), «Астэнічны сіндром» (1990), «Чуллівы міліцыянер» (1991), «Захапленні» (1994), «Тры гісторыі» (1996), «Ліст у Амерыку» (1999) і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД-БА́ФАЛА (Wood Buffalo),

нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн. га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.​Я.​Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.​К.​Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),

італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.​Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.​Розы, Ж.​Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.

Літ.:

Дьяков Л.А. А.​Маньяско. М., 1978.

А.Маньяска. Вакханалія. 1710-я г.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,

перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),

адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДЫ жывёл, пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)