Скіфска-сармацкія плямёны 4/501
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у Магілёве ў 1722—32 пры езуіцкім калегіуме. Захаваліся 3 друкаваныя праграмы пра паказы 3 панегірыкаў: у 1722 — «Ганаровыя сармацкія знакі — дзедавы сякіры Асалінскіх» з антыпралогам, пралогам і алегарычным эпілогам, інтэрлюдыямі (з нагоды наведання графам Францішкам Асалінскім); у 1726 — «Ключ ведаў, далучаны да ключа прадзедаўскага герба Міхалоўскіх» з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам, інтэрлюдыямі (услаўляўся заснавальнік мясц. шляхецкага роду Мельхіёр Міхалоўскі); у 1732 — «Укаранаванае жыллё мудрасці» на лац.-польск. мове з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам (у гонар роду М.Юрылеўскага — пра прынца, які сваёй мудрасцю і воінскімі доблесцямі прынёс карысць дзяржаве і заняў трон). Аўтарамі п’ес звычайна былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі (Я.Любсевіч, С.Свентахоўскі і Р.Бжазоўскі).
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
т. 9, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)