Сардзінія (в-аў) 9/362

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),

адм. вобласць Італіі на в-ве Сардзінія і суседніх невял. астравах. Адміністрацыйна падзелена на правінцыі Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад Кальяры. Асн. галіны эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,7 млн. га, у т. л. каля 74% займаюць пашы і лугі, каля 19% — ворыва, каля 6% — сады і вінаграднікі. Пасевы збожжавых, бабовых, бульбы, артышокаў; агародніцтва, вінаградарства, культура слівы, цытрусавых і інш. Пераважнае значэнне мае жывёлагадоўля (каля 1/3 пагалоўя авечак у Італіі, буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства. Здабыча свінцу і цынку, кам. вугалю, флюарыту, баксітаў. Прам-сць: каляровая металургія, нафтаперапрацоўка і нафтахімія, харч., тэкст., гарбарная, дрэваапр., эл.-тэхн., суднарамонт. Ручное дыванаткацтва. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Прыроду гл. ў арт. Сардзінія (востраў).

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),

востраў у Міжземным м. на З ад Апенінскага п-ва, у складзе Італіі. Аддзелены ад в-ва Корсіка прал. Баніфача. Уключае 4 правінцыі: Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Берагі расчлянёны слаба. У рэльефе пераважаюць плато з асобнымі выш. 1000—1200 м і плоскія ўступы, якія стромка абрываюцца да мора. Найб. выш. да 1834 м (г. Ла-Мармара). Горы складзены ў асн. з гранітаў і крышт. сланцаў, на З і ПнЗ — лававыя і туфавыя плато. З ПнЗ на ПдУ цягнецца тэктанічная ўпадзіна Кампідана. Карысныя выкапні: кам. вугаль, поліметал. і жал. руды, баксіты, магнезіт, барыт, каалін. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 7—10 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм на раўнінах да 1000 мм за год у гарах. Значныя рэкі: Тырса, Флумендоса, Ману. Пераважаюць зараснікі — маквіс, фрыгана; у гарах — коркавы дуб. Гал. горад і порт — Кальяры.

З 7 ст. да н.э. С. каланізавалі фінікійцы і грэкі. З 535 да н.э. востравам валодаў Карфаген, з 238 да н.э. — Рым Стараж., у 5 ст. н.э. — вандалы, у 6—7 ст. — візантыйцы і готы, з 8 ст. — арабы. У 11 ст. арабы выгнаны з С. аб’яднанымі сіламі Пізанскай і Генуэзскай рэспублік, якія потым працяглы час сапернічалі паміж сабой за ўплыў на востраве. З 1326 С. пад уладай каралеўства Арагон, з 1479 — аб’яднанага Іспанскага каралеўства.

У 1708 у час вайны за іспанскую спадчыну С. перайшла да Аўстрыі, што замацаваў Раштацкі мір 1714, паводле Лонданскага дагавора 1720 — да Савойскай дынастыі і стала часткай Сардзінскага каралеўства. У 1793 жыхары С. сарвалі спробу франц. войск захапіць востраў. У 1799—1814, калі П’емонт (асн. ч. каралеўства) быў акупіраваны Францыяй, на востраве знаходзіліся сардзінскія каралі. З 1861 у складзе аб’яднанай Італіі.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУФЛО́Н еўрапейскі

(Ovis ammon musimon),

жвачнае парнакапытнае млекакормячае роду бараноў; падвід архара. Паходзіць з а-воў. Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найб. пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невял. групамі. Папуляцыі М. на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Адзін з магчымых продкаў авечкі свойскай.

Даўж. да 130 см, выш. ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невял., тонкія. Кормяцца травой, галінкамі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.

Э.​Р.​Самусенка.

Муфлон еўрапейскі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІФА́ЧА (Bonifacio),

праліў паміж а-вамі Корсіка і Сардзінія, у Міжземным моры. Даўж. каля 19 км, шыр. 12—16 км. Глыб. да 69 м. Порт Баніфача (на в-ве Корсіка, Францыя).

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЯРЫ (Cagliari),

горад у Італіі, на Пд в-ва Сардзінія. Адм. ц. правінцыі Кальяры. 212 тыс. ж. (1991). Порт у зал. Кальяры Міжземнага м. (пераважна ўвоз нафты). Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., суднабуд., дрэваапр., электратэхн., харч., вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Нац. археал. музей. Бат. сад. Арх. помнікі 12—17 ст. Ваенна-марская база.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,

вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВО́ЙСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА,

дзяржава ў 1416—1720 (у 11 ст. — 1416 мела статус графства) са сталіцай у Шамберы (цяпер тэр. Францыі), з 1563 — у Турыне (цяпер тэр. Італіі). У склад С.г. ўваходзіў П’емонт. З сярэдзіны 15 ст. — аб’ект экспансіі Францыі. У 16—17 ст. як пагранічная дзяржава разбурана войнамі Габсбургаў з Францыяй за Італію. У войнах за Іспанскую спадчыну першапачаткова саюзнік Францыі, з 1703 — «Свяшчэннай Рым. імперыі». Паводле Утрэхцкага міру 1713 савойскі герцаг Віктар Амедэй П атрымаў тэр. Манферата, ч. герцагства Міланскага і Сіцылію. Паводле Лонданскага пагаднення 1720 да С.г. замест Сіцыліі, страчанай у 1718, перайшла Сардзінія. У выніку стварылася Сардзінскае каралеўства, яго каралём стаў апошні герцаг савойскі Віктар Амедэй II. Цяпер Савояй называецца частка тэр. б. С.г. вакол г. Шамберы.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)