КРУПІ́Н (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 7.9.1941, г. п. Кільмезь Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1967). Да 1977 настаўнічаў, працаваў у выд-ве «Сучаснік». Першая кніга «Зярняты» (1974). Проза К. звязана са шматвяковай сял. традыцыяй і нар. рэлігійнасцю, у ёй знітаваны свет прыроды і чалавека: аповесці «Ямшчыцкая аповесць» (1974), «Жывая вада» (1980), «Саракавы дзень» (1981), «Вяцкі сшытак» (1987) і інш.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. М., 1991;
Вербное воскресенье. М., 1981;
Будем как дети. М., 1989;
Свет любви. М., 1990.
С.Ф.Кузьміна.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМНІ́ЦЫ,
стрэчанне, у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.
А.У.Верашчагіна.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)