Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЬНІ́К, пасека,
месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі меданоснымі і падсобныя пабудовы (зімоўнік, сотасховішчы і інш.). Бывае стацыянарны (знаходзіцца на адным месцы ўвесь пчолагадоўчы сезон), перасоўны (шматразова перавозіцца). Размяшчаюць П. каля масіваў меданосных раслін, на сухіх, ахаваных ад ветру мясцінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,
спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн. метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДО́ВАЯ РАСА́,
выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз.паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЕМАТО́З ПЧОЛ, пебрына пчол,
інвазійная хвароба дарослых пчол і некаторых чмялёў, якая выклікаецца наземай пчалінай, што паразітуе пераважна ў сярэдняй кішцы і мальпігіевых сасудах. Пашыраны ўсюды. Споры назем заносяцца ў здаровыя сем’і з сотамі, рамкамі, пчоламі і інш. і трапляюць у кішэчнік з мёдам, пяргой, вадой, воскам, забруджанымі экскрэментамі хворых насякомых. У пчаліных матак дэгенерыруюць яечнікі, у трутняў парушаецца сперматагенез. Назіраюцца павелічэнне брушка, панос, вяласць, масавая гібель пчол у час зімоўкі і ў 1-ы месяц пасля яе. Успышкам Н.п. садзейнічаюць доўгія зімоўкі ў сырасці, жыўленне падзевым мёдам, аслабленасць зімуючых пчол і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫЯ СО́ТЫ,
пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл.Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.
В.І.Сапега.
Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.