САПЕ́ГА (Васіль Іванавіч) (н. 4.10.1937, в. Петрацінка Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рс.-г.н. (1994), праф. (1966). Скончыў Віцебскія вет. (1963) і пед. (1966) ін-ты. З 1979 у Бел.агр.тэхн. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па выкарыстанні біялагічна-актыўных рэчываў у жывёлагадоўлі, пытаннях гігіены с.-г. жывёл.
Тв.:
Контроль параметров технологических процессов в животноводстве. М., 1985 (у сааўт.);
Основы животноводства. Мн., 1997 (у сааўт.);
Пути снижения энергозатрат в скотоводстве. Мн., 1998 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Леў Іванавіч) (4.4.1557, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1633),
бел. дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З магнацкага роду Сапегаў. Пісар вялікі ВКЛ у 1581—85, падканцлер у 1585—89, канцлер у 1589—1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570—73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. У 1579—81 прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—83. Разам з канцлерам А.Б.Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У 1584 падпісаў у Маскве пагадненне аб перамір’і. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапанаваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. На царк. саборы ў Брэсце ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Паводле яго загаду ў 1594—1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600—01 узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай. У 1609, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. У 1617—18 садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 С. ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства. У 1625 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале дывізіі ў Інфлянтах. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і займаць ёй дзярж. пасады ў ВКЛ.
Літ.:
Саверчанка І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Ян Казімір) (? — 22.2.1730),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аптымі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Аптымістычна настроены чалавек. Па сваёй натуры Сапега быў вялікі аптыміст.Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЧАЛЬНІ́К, пасека,
месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі меданоснымі і падсобныя пабудовы (зімоўнік, сотасховішчы і інш.). Бывае стацыянарны (знаходзіцца на адным месцы ўвесь пчолагадоўчы сезон), перасоўны (шматразова перавозіцца). Размяшчаюць П. каля масіваў меданосных раслін, на сухіх, ахаваных ад ветру мясцінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,
спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн. метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб. поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.Л.Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.
Літ.:
Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784;
Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;
Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДО́ВАЯ РАСА́,
выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз.паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.