САНДАМІ́Р, Сандомеж (Sandomierz),

горад на ПдУ Польшчы, на р. Вісла, у Свентакшыскім ваяводстве. Вядомы з 8 ст. Каля 30 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: шкляная (найбуйн. цэнтр у краіне), харч., камбікормавая, суднабудаўнічая. Вышэйшая духоўная семінарыя. Дыяцэзіяльны музей. Раманскі (13 ст.) і гатычны (14—17 ст.) касцёлы, гатычныя дамы, ратуша (14—16 ст.). Турызм.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДО́МЕЖ (Sandomierz),

горад у Польшчы, гл. Сандамір.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДАМІ́РСКІ ПЛАЦДА́РМ,

аператыўны плацдарм, захоплены сав. войскамі 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.​С.​Конеў) 29 ліп. — 29. жн. ў ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944 на зах. беразе р. Віслы ў раёне г. Сандамір (Польшча). У студз. 1945 войскі 1-га Укр. фронта з С.п. пачалі наступленне ў Сацдамірска-Сілезскай аперацыі 1945 (частка Вісла-Одэрскай аперацыі 1945).

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТНІК (Васіль Васілевіч) (10.12.1921, в. Каменск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Сталінграда, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы. Наводчык гарматы сяржант Гутнік вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы ў раёне г. Сандамір, у 1945 у час ліквідацыі варожай групоўкі і вулічных баёў у г. Брэслаў (Вроцлаў, Польшча).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІ́ЎСКІ ((Myśliwski) Веслаў) (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер — Камень на камень. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,

абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд. ген. М.​І.​Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.​У.​Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.

Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм. камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд. ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.​Людэндорф). 18 кастр. рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс. чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 4, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАКШЫ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Swiętokrzyskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 1,3 млн. чал. (1999), гарадскога 47%. Адм. цэнтр — г. Кельцы. Найб. гарады: Астровец-Свентакшыскі, Скаржыска-Каменна, Старахавіцы, Сандамір. Размешчана пераважна на Келецка-Сандамірскім узв., у межах якога вылучаюцца Свентакшыскія горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4,5 °C у Свентакшыскіх гарах да -2,5 °C на Пд, ліп. 16,5 °C і 18,5 °C адпаведна. Гал. рака Вісла з прытокамі Ніда, Каменна, Чарна. Глебы падзолістыя, на У бурыя і чарназёмныя. Пад лесам 27%. Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 63%. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, цукр. буракі, бульбу, рапс. Садоўніцтва (асабліва каля Сандаміра). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коней, птушак. Прам-сць: маш.-буд. (трансп., эл.-тэхн.), чорная металургія (электрасталь, пракат), буд. матэрыялаў (цэмент, шкло, кераміка і інш.), харч. (цукр., кансервавая і інш.), лёгкая (швейная, абутковая). Здабыча жал. руды, сыравіны для буд. матэрыялаў. Турызм. Бальнеагразевы курорт Буска-Здруй.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],

будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.

Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.

На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн. буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч. гіст. цэнтра горада.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).
Ратуша ў г. Каўнас (Літва).
Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.
Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)