ЯСЕ́НСКІ (Jasienski) Бруна (Віктар Якаўлевіч; 17.7.1901, в. Клімантова каля г. Сандамір Свентакшыскага ваяв., Польшча — 20.10.1941),

польскі і рус. пісьменнік. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1922). З 1925 у эміграцыі ў Францыі, з 1929 у СССР. Рэпрэсіраваны, пасмяротна рэабілітаваны. Дэбютаваў як паэт у 1918. Пісаў на польскай і рус. мовах. Аўтар паэм «Песня пра голад» (1922), «Слова пра Якуба Шэлю» (1926, на яе аснове напісаў драм. паэму «Галіцыйская жакерыя», паст. 1928), зб. вершаў «Зямля ўлева» (1924, з А.​Стэрнам), рамана-памфлета «Я палю Парыж» (1928, на франц. мове), раманаў «Чалавек мяняе скуру» (ч. 1—2, 1932—33), антыфаш. «Змова абыякавых» (незавершаны, апубл. 1956), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў, выступленняў і інш. У яго паэзіі спалучэнне рэаліст. тэндэнцый з элементамі футурызму, ёй уласцівы метафарычная ўскладненасць, афарыстычнасць, стылёвы эксперымент; для прозы характэрны дынамізм дзеяння, дэтэктыўная інтрыга, псіхалагізм. У «Анталогіі беларускай літаратуры» (1934, на рус. мове) змясціў арт. «Пра паэтаў». Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі. На бел. мову яго творы перакладалі Я.​Бяганская, У.​Жылка.

Тв.:

Бел. пер. — Палю Парыж Мн., 1932;

Сын Рыкшы. Мн., 1933;

Слова пра Якуба Шэлю // Жылка У. Выбр. творы. Мн., 1998;

Рус. пер. — Избранное. М., 1988.

Літ.:

Прутцев Б.И. Бруно Ясенский. Rzeszów, 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 18, кн. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)