Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),
зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,
бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.
Літ.:
Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́ЦЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Wrocławskie),
у паўднёва-заходняй частцы Польшчы. Пл. 6287 км², нас. 1130,7 тыс.чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г.Вроцлаў. Рэльеф пераважна раўнінны. На Пн Жмігрудская катлавіна і Тшабніцкая града (257 м), у сярэдняй ч. Вроцлаўская раўніна, на Пд — перадгор’і Судэтаў (г. Шленжа 718 м). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -1 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 500—900 мм. Гал. рака — Одра з прытокамі Відава, Алава, Шленза і інш. Хвойныя і мяшаныя лясы. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Развіта маш.-буд., харч., фармацэўтычная, хім., металургічная прам-сць. Найб.прамысл. цэнтры: Алясніца, Ельч-Ляскавіцы, Бжэг Дольны, Алава. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, тэхн. культуры. Гадуюць свіней. Санаторна-курортныя цэнтры: Тшабніца і Абарнікі-Шлёнске.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
часовая або ўстойлівая страта прафес.працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж.пенсія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр.прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш.прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв.сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).
Літ.:
Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;
Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;
Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т.Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),
шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр.мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.
Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.
На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).