Самніты (плямёны) 5/170; 8/74; 9/214
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),
старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.К.Сулам (1 ст. да н.э.).
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМНІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Стараж. Рымам і Самніцкай федэрацыяй (саюз самнітаў з сабеламі) за панаванне ў Цэнтр. Італіі ў 4—3 ст. да н.э. Паводле рым. падання, у барацьбе Рыма з самнітамі з-за Кампаніі (343—341 да н.э., т. зв. 1-я С.в.) рымляне атрымалі кантроль над Капуяй і Кумамі, самніты — над Тэанумам. Захоп Рымам Неапаля стаў прычынай 2-й С.в. (327—304 да н.э.), якая вялася з пераменным поспехам. Але рымляне, рэарганізаваўшы армію і памяняўшы тактыку баёў, занялі гарады Самнія. Паводле мірнага дагавора самніты аддалі Рыму Кампанію. Замацаванне самнітаў у Луканіі стала прычынай 3-й С.в. (298—290 да н.э.). Ваен. дзеянні праходзілі ў Самніі і Умбрыі, дзе разам з самнітамі супраць Рыма ваявалі галы і этрускі. Пасля першых няўдач рымляне разбілі самнітаў і галаў пры Сентыне (295 да н.э.). У 290 да н.э. самніты спынілі супраціўленне. Самніцкая федэрацыя была распушчана; самніцкія абшчыны сталі рым. саюзнікамі з абмежаванымі правамі. У выніку С.в. рымляне замацаваліся ў Цэнтр. Італіі.
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНІКІ рымскія
(socii),
абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл. Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл. Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э. рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.
Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).
Літ.:
Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;
Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э. М., 1971.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)