ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.

Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю, падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ

(ад гідра... + механізацыя),

спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн. тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл. Гідраўлічны транспарт).

Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл. Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.

Літ.:

Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;

Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;

Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.

У.М.Сацута.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)