Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, узброенай гарматамі і ўстаноўкамі на самаходнай цязе. Да С.а. адносяцца пушкі, гаўбіцы, мінамёты, пускавыя ўстаноўкі рэактыўнай артылерыі, процітанкавыя кіроўныя ракеты (гл.Процітанкавы ракетны комплекс), безадкатныя і зенітныя гарматы (гл.Зенітны артылерыйскі комплекс). Паводле канструкцыі адрозніваюць: самаходныя гарматы гусенічныя, колавыя, колава-гусенічныя; браніраваныя поўнасцю або часткова; вежавыя або бязвежавыя. С.а. выконвае тыя ж задачы, што наземная і зенітная артылерыя на буксірнай цязе. Іл.гл. да арт.Артылерыя, Самаходная артылерыйская ўстаноўка, Мінамёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКАЯ ЎСТАНО́УКА (САУ),
самаходная ўстаноўка (СУ), артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі або спец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачы артыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.
Да арт.Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКА́Р (ад аўта... + англ. car цялежка),
самаходная цялежка з рухавіком унутранага згарання і грузавой платформай. На іх могуць устанаўліваць пад’ёмныя платформы, грузапад’ёмныя краны і інш. Прызначаны для ўнутрызаводскай перавозкі грузаў, механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ на чыг. станцыях, складах, у портах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЕЛЕУКЛА́ДЧЫК,
прычапная або самаходная машына для пракладкі падземных і падводных (праз рэкі, азёры) кабеляў. Утварае ў зямлі шчыліны або траншэі і адначасова ўкладвае ў іх адзін або некалькі кабеляў. Бываюць нажавыя (раскліньваюць грунт без яго вымання) і ротарныя (выкопваюць грунт дыскам або ротарам з рэжучымі зубамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́Н, аўтамабільны кран,
самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАПАГРУ́ЗЧЫК,
самаходная пад’ёмна-транспартная машына на пнеўмакалёсным ходзе для пагрузкі, разгрузкі, укладкі і перамяшчэння грузаў. Бываюць з рухавіком унутр. згарання (грузападымальнасць 3—5 т, выш. пад’ёму да 4,2 м) і акумулятарныя (грузападымальнасць 0,5—1,5 т, выш. пад’ёму грузу 1,6—2,8 м). Абсталёўваюцца вілачным падымальнікам штучных грузаў, стралой з кантам і круком, каўшом на сыпкія грузы. Аўтапагрузчыкі з рухавіком унутр. згарання выкарыстоўваюць на тэрыторыі партоў, з-даў і інш.; акумулятарныя — у памяшканнях (напр., у цэху, вагоне, на складзе). На Беларусі каўшовыя аўтапагрузчыкі выпускаюцца на прадпрыемствах канцэрна «Амкадор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,
прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К.д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».
І.І.Леановіч.
Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМАТЫ́Ў (франц. locomotive ад лац. loco moveo зрушваю з месца),
самаходная цягавая машына для перамяшчэння па рэйкавым пуці цягнікоў або асобных вагонаў; частка чыг.рухомага саставу.
Бываюць з эл. рухавіком (электравоз), дызелем (цеплавоз, матавоз), газавай турбінай (газатурбавоз), паравой машынай (паравоз) і камбінаваныя (напр., дызель-электравоз). Функцыі Л. выконваюць таксама маторныя вагоны ў складзе дызель-паяздоў, аўтаматрысы. Адрозніваюць Л. магістральныя, манеўровыя, прамысловыя, у т. л. тыя, што працуюць на кар’ерах, у рудніках, на ўнутрызаводскіх пуцях і інш.
Лакаматывы: 1 — першы лакаматыў (створаны англійскім вынаходнікам Р.Трэвіцікам у 1804); 2 — «лакамашына» (першы Паравоз на дзяржаўнай чыгунцы Англіі, пабудаваны ў 1825); 3 — пасажырскі паравоз (1915, Расія); 4 — цеплавоз ТЭ-3 (СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАД»,
самаходная рэактыўная сістэма залпавага агню. У склад «Град» ўваходзяць; баявая машына БМ-21, трансп. машына, асколачна-фугасныя рэактыўныя снарады М-210ф.
Прызначаны для знішчэння і падаўлення жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка ў месцах іх канцэнтравання, артыл. і мінамётных батарэй, разбурэння ўмацаванняў, апорных пунктаў і інш. на адлегласці да 20,4 км. Баявая БМ-21 зроблена на базе аўтамабіля «Урал»; мае абсталяванне для забеспячэння адзіночнага і залпавага агню, бяспечнай работы разліку пры яго знаходжанні ў кабіне баявой машыны ці ў сховішчы на аддаленні да 60 м ад яе. Снарады перавозяцца і захоўваюцца на трансп. машыне на спец. стэлажах. У Беларусі «Град» прыняты на ўзбраенне рэактыўных артыл. дывізіёнаў сухап.Узбр. Сіл. Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.